Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максім Рыжанкоў здзейсніў рабочую паездку ў Дубровенскі раён
Разам з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Пяніным, старшынёй Дубровенскага райвыканкама Алегам Лындыным і яго намеснікам Святланай Рыжанскай Максім Рыжанкоў наведаў шэраг аб'ектаў сацыяльнай сферы – бальніцу, СШ №1, дзіцячую школу мастацтваў, раённы Дом культуры, цэнтральны стадыён, дзіцячую пляцоўку і парк, а таксама Дубровенскі ільнозавод. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ацаніў увесь фронт работ, праведзены па іх мадэрнізацыі і рамонце.
– Такое адчуванне, што «Дажынкі» прайшлі не год таму, а толькі ўчора, – адзначыў падчас гутаркі з карэспандэнтам «Віцебскіх вестак» Максім Рыжанкоў, – настолькі людзі імкнуцца падтрымліваць усё ў парадку, развіваюць далей. Дубровенцы шануюць тое, што для іх зроблена. Вобласць і рэспубліка далі штуршок, а людзі працягваюць добраўпарадкаваць сваю малую радзіму.
Максім Уладзіміравіч падкрэсліў, што жыхары рэгіёну адкрытыя, добразычлівыя і ініцыятыўныя. Гутарачы з працоўным калектывам Дубровенскага ільнозавода, ён адзначыў, што ў Год малой радзімы трэба не толькі прыводзіць у парадак прысядзібныя ўчасткі, але і рабіць нешта для грамадства.
– Кожнаму трэба паглядзець вакол і падумаць, што ён можа зрабіць для роднага краю. Любоў да сваёй краіны аб'ядноўвае людзей, – упэўнены першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Максім Рыжанкоў: У сувязі з аб'яўленнем 2018–2020 гадоў гадамі малой радзімы Прэзідэнт даручыў у межах адпаведных праграм перанакіраваць фінансавыя сродкі на раённы ўзровень.
– Мы завяршаем этап будаўніцтва вялікіх магістральных дарог па тэрыторыі Беларусі, якія нам патрэбны для развіцця транзітнага і лагістычнага патэнцыялу, – адзначыў Максім Уладзіміравіч. – Потым мы прыступаем да будаўніцтва і мадэрнізацыі дарог раённага значэння. Усім абласцям дадзены даручэнні сфарміраваць такі пералік, і адпаведна з ім будуць выдзяляцца сродкі.
Максім Рыжанкоў канстатаваў, што сустрэчы ў рэгіёнах маюць велізарнае значэнне для прадстаўнікоў улады, якія знаходзяцца ў Мінску і вобласці.
– Яны патрэбны для таго, каб на свае вочы паглядзець, якія людзі і як тут жывуць, як працуе раённая вертыкаль, – растлумачыў Максім Уладзіміравіч. – У канчатковым выніку такія напрацоўкі абагульняюцца, каб потым прыняць рашэнні па канкрэтных пытаннях і праблемах.
У далейшай гутарцы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта закрануў розныя сферы жыццядзейнасці людзей. Як гаворыцца, з першых вуснаў данёс работнікам прадпрыемства, якія рашэнні на ўзроўні кіраўніцтва рэспублікі прымаюцца, на чым Прэзідэнт грунтуе свае даручэнні, як ён бачыць развіццё нашай краіны і рэгіёнаў.
Максім Уладзіміравіч распавёў пра пазіцыю кіраўніка дзяржавы па пытаннях мадэрнізацыі структур аховы здароўя і адукацыі. Не засталіся па-за ўвагай занятасць насельніцтва і ўзровень зарплаты.
– Дзяржава ў першую чаргу павінна паклапаціцца пра тое, каб чалавек знайшоў сабе працу і змог забяспечыць сям'ю, – падкрэсліў Максім Рыжанкоў.
Таксама была закранута тэма рабочых спецыяльнасцей.
Раней шмат казалі пра тое, каб у усіх была вышэйшая адукацыя, а цяпер бачна, колькі дыпламаваных юрыстаў, эканамістаў не могуць працаўладкавацца
– Раней шмат казалі пра тое, каб у усіх была вышэйшая адукацыя, – сказаў Максім Уладзіміравіч. – А цяпер бачна, колькі дыпламаваных юрыстаў, эканамістаў не могуць працаўладкавацца. А рабочыя спецыяльнасці заўсёды запатрабаваны.
Максім Рыжанкоў адзначыў, што сёння стаіць задача, каб рабяты, заканчваючы 9 ці 11 класы, ужо выразна ўяўлялі, чаго хочуць у жыцці.
– А таму адчуць смак рабочага хлеба яны павінны праз урокі працоўнага навучання ў школах, вучэбна-вытворчыя камбінаты. І ўжо ў 17 – 18 гадоў самі змогуць зарабляць на кішэнныя выдаткі. Як, уласна, было раней, – адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Важная тэма – развіццё ільновай галіны. Вядома, што зусім хутка кіраўнік дзяржавы правядзе па ёй чарговую нараду. Максім Рыжанкоў сказаў, што гаворка будзе ісці аб новых падыходах, аб рэсурсным, фінансавым забеспячэнні галіны, выдзяленні дадатковых сродкаў, аб падтрымцы ільнозаводаў.
Закранаючы пытанні ЖКГ, Максім Рыжанкоў паведаміў аб дакладных пазіцыях Прэзідэнта ў гэтым напрамку. У прыватнасці, аб тым, што ў выніку прымянення зацверджаных тарыфаў жыллёва-камунальныя плацяжы для насельніцтва ў разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма пражываючымі пры нарматыўным спажыванні імі паслуг павялічацца ў межах 5 долараў.
– Калі браць сёння сярэдні даход беларускай сям'і, то камунальныя плацяжы складаюць ад 7 да 9% бюджэту. Дарэчы, у суседніх Літве, Польшчы – 20%.
Была закранута і праблема нездавальняючай якасці пітной вады.
– Паўсюдная праблема – перавышэнне жалеза, а не мікрабіялагічныя паказчыкі. Такія ў нас глебы. Але Прэзідэнтам пастаўлена задача да 2025 года ўсе населеныя пункты забяспечыць станцыямі абезжалезвання. Гэта выконваецца, – рэзюмаваў Максім Рыжанкоў.
Што тычыцца ацяплення, высокі госць адзначыў, што ідзе паўсюдная пераарыентацыя многіх напрамкаў нашай жыццядзейнасці на выкарыстанне электрычнай энергіі.
– Сёння шмат распрацовак, якія дазваляюць павысіць ККД награвальных прыбораў, катлоў. Будзе павялічана выкарыстанне мясцовых відаў паліва, – падкрэсліў Максім Уладзіміравіч. – Колькасць электрычнага аўтатранспарту таксама будзе ўзрастаць, паступова выцясняючы дызпаліва.
Разважаючы на тэму стварэння новых вытворчасцей, увядзення ў абарот пустуючых будынкаў і памяшканняў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што кіраўніцтва Дубровенскага раёна дзейнічае ўзважана.
– Гэта па-гаспадарску, – дадаў Максім Рыжанкоў. – Улада тут не разбазарвае маёмасць, а знаходзіць залатую сярэдзіну паміж жаданнем прыватнага інвестара і дзяржаўнымі інтарэсамі.
Падводзячы вынікі рабочай паездкі, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта канстатаваў, што ўсюды ўсё ідэальна быць не можа – трэба дамагацца вынікаў сумеснымі намаганнямі.
– Так, недзе не хапае спартыўнага інвентару, музычных інструментаў і г.д. Прэзідэнт бачыць гэтыя праблемы і падчас нядаўняй нарады даў шырокі пералік даручэнняў па вытворчасці адпаведнай прадукцыі і размеркаванні яе па дамах культуры, школах мастацтваў раёнаў. Гэты блок пытанняў будзе закрыты, – паведаміў Максім Рыжанкоў. – Сёння я ўбачыў, што Дубровеншчына развіваецца і прыгажэе. У школах ёсць усе неабходныя сучасныя навучальныя сродкі, інтэрактыўныя дошкі, камп'ютарныя класы, лінгафонныя кабінеты. Бальніца ўкамплектавана новым медыцынскім абсталяваннем.
З пункту гледжання таго, наколькі тут забяспечаны ўсе бакі жыццядзейнасці, уключаючы якасную школьную і дадатковую адукацыю, узровень медыцыны, наяўнасць працоўных месцаў, добрае добраўпарадкаванне, – усё для камфортнага жыцця ёсць. Але трэба і самім старацца, каб было яшчэ лепш.
Калі мы навучымся быць часткай гэтага працэсу, але ўжо не дзяржаўнага, а грамадскага, то тады і любоў да свайго, роднага стане падмацоўвацца канкрэтнымі ўчынкамі. Калі такім шляхам і далей будзе развівацца гэты рэгіён, то думак паехаць кудысьці на заробкі ці пераехаць у іншы горад за лепшым жыццём у людзей не будзе.