Замкі сярэднявечнага Віцебска дэталёва аднавіў мастак Ігар Дураў
Сустрэча з вядомым віцебскім мастаком, выкладчыкам школы мастацтваў №3 "Маладзік" Ігарам Дуравым, якая адбылася ў "Духаўскім круглику", дазволіла прысутным акунуцца… у Сярэднявечча. На суд гледачоў Ігар Валер'евіч прадставіў сваю выніковую і, па сутнасці, смелую і маштабную працу — дэталёвае графічнае выяўленне віцебскіх замкаў ХIV стагоддзя.
Больш за дзесяць гадоў аддаў мастак увасабленню ідэі рэканструкцыі замкаў, да якіх у першую чаргу адносяцца цэрквы Благавешчанская, Святога архангела Міхаіла, Параскевы Пятніцы.
— Па крыху давялося збіраць матэрыял пра Віцебск Сярэднявечча, — прызнаўся Ігар Дураў. — Чаму зацікавіў гэты перыяд? Таму што ў ХIV стагоддзі наш горад стаў буйным гандлёва-эканамічным цэнтрам і магутным абарончым вузлом, дзякуючы ўмяшанню ў лёс горада вялікага князя літоўскага Альгерда і яго жонкі Ульяны. Сведчаннем таму — умацаванне Верхняга замка і ўзвядзенне Ніжняга як абарончага форпоста Вялікага княства Літоўскага.
Працуючы над рэканструкцыяй, Ігару Дураву давялося вывучыць масу архіўных дакументаў, археалагічных матэрыялаў і "уключыць" фантазію. Па словах аўтара, у выніку злучыліся ў адзінае цэлае тры складнікі: гісторыя, аналогія і ўласнае бачанне, якое кампенсавала наяўныя белыя плямы і надало працы мастацкую каштоўнасць.
Можна спрачацца да хрыпаты, так выглядаў старажытны Віцебск ці інакш. Але што зробленая Ігарам Дуравым праца мае велізарнае значэнне для цяперашняга пакалення — бясспрэчна. Зроблены яшчэ адзін крок на шляху вывучэння старажытнай гісторыі Віцебска.
І. Дураў — аўтар серыі партрэтаў знакавых персон Сярэднявечча: князёў Альгерда і яго жонкі Ульяны Цвярской, Васількі Святаславіча.
Алена Башун, "Віцьбічы"