Заняцца скандынаўскай хадой, пагуляць у валейбол ці размяцца на трэнажоры: спартыўна-гульнявая пляцоўка адкрылася на Шаркаўшчыне

Заняться скандинаской ходьбой, поиграть в волейбол или размяться на тренажере: спортивно-игровая площадка открылась на Шарковщине
У аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё сучаснай спартыўна-гульнявой пляцоўкі на вул. Прахорава, на стварэнне якой было выдаткавана звыш 2,3 тысячы рублёў. З працай справіліся ўдвая хутчэй, чым планавалі, чаму мясцовая дзятва невымоўна рада.

 

Абсталяванае месца для адпачынку і заняткаў спортам – адгэтуль у ліку славутасцяў аграгарадка, які прэтэндуе на статус «вёскі будучыні».

 

– Ажыццявіць задуманае ўдалося дзякуючы праекту фонду «Новая Еўразія», які рэалізуецца сумесна з цэнтрам даследаванняў SYMPA, – кажа старшыня Германавіцкага сельсавета Мая Якімовіч. – Партнёрамі выступілі сацыяльная інфармацыйная ўстанова «Развіццё Шаркаўшчынскага раёна», прыватнае будаўніча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «СтройГрадЭксп», сельгаспрадпрыемствы «Княж» і «Ельня-Агра».

 

Па словах Маі Яўгенаўны, мясцовыя жыхары прынялі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі пляцоўкі. Гаспадаркі далі тэхніку для вывазу смецця, выраўноўвання ўчастка. Зрабілі валейбольную пляцоўку, усталявалі вулічныя трэнажоры, дзіцячы комплекс “Крэпыш”, для асоб пенсійнага ўзросту набылі інвентар для скандынаўскай хадзьбы, абсталявалі альтанку і пясочніцу.

 

Да адкрыцця спартыўна-гульнявой пляцоўкі мясцовыя жыхары прымеркавалі мерапрыемства «Краса. Здароўе. Спорт». Гледачы актыўна падтрымлівалі каманды, якія спаборнічалі.

Гулялі ў піянербол, пясочны марафон, спаборнічалі ў перацягванні каната. А ў канцы правялі яшчэ і велагонку. Па выніках спаборніцтва перамога дасталася камандзе «Сонечны прамень», аднак прайграўшыя абяцаюць узяць рэванш. Месцам сустрэчы стане ўсё тая ж спартыўна-гульнявая пляцоўка, абсталяваная на раней пуставаўшым зямельным участку.

"Віцебскія весці".