Запісацца на цэнтралізаванае тэсціраванне можна з 3 мая па 1 чэрвеня

28 красавіка, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (ЦТ) пачынаецца з 3 мая. Рэгістрацыя будзе праводзіцца па 1 чэрвеня (уключаючы суботнія дні 15, 22, 29 мая) з 8.00 да 20.00 у пунктах рэгістрацыі. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Беларусі. Абітурыент пры рэгістрацыі павінен будзе запоўніць заяву, прадставіць дакумент аб унясенні платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні (Br10 тыс. за адзін вучэбны прадмет), прад'явіць пашпарт або від на жыхарства ў Беларусі, або пасведчанне бежанца, або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента, што сведчыць асобу. У Мінску і абласных цэнтрах у гэтым годзе ўведзена аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі на ЦТ. Першы этап укаранення інфармацыйнай сістэмы "Агульнарэспубліканскі банк даных удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання" ахопіць пункты тэсціравання Мінска і абласных цэнтраў. Такая рэгістрацыя ў парадку эксперыменту праводзілася падчас мінулай уступнай кампаніі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы і Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Укараненне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы дазволіць упарадкаваць арганізацыю рэгістрацыі і весці яе па прынцыпе аднаго акна. Згодна з зацверджаным графікам правядзення ЦТ першае выпрабаванне - па беларускай мове - адбудзецца 14 чэрвеня. 15 чэрвеня абітурыенты здадуць рускую мову, 17 чэрвеня - гісторыю Беларусі, 18 чэрвеня - геаграфію, 20 чэрвеня - матэматыку, 22 чэрвеня - грамадазнаўства, 24 чэрвеня - Сусветную гісторыю найноўшага часу, 25 чэрвеня - фізіку, 27 чэрвеня - біялогію, 29 чэрвеня - замежныя мовы, 30 чэрвеня - хімію. Усе выпрабаванні традыцыйна будуць пачынацца ў 11.00. Рэзервовы дзень для тых, хто не змог па аб'ектыўных прычынах прыбыць на цэнтралізаванае тэсціраванне па графіку, - 5 ліпеня. Сертыфікаты, як і ў мінулым годзе, будуць выдадзены ўсім, хто атрымае ад 1 бала і вышэй. Выдача сертыфікатаў усім абітурыентам павялічвае іх шансы на паступленне ў ВНУ і ССНУ як бюджэтнай, так і прыватнай форм уласнасці. Дарэчы, плату за правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання неабходна аформіць на рахунак таго ВНУ, дзе абітурыент будзе здаваць тэст. Калі, напрыклад, зарэгістраваўся на тры выпрабаванні ў Беларускім педагагічным універсітэце імя М.Танка, а само тэсціраванне абітурыент будзе здаваць у Беларускім дзяржуніверсітэце фізічнай культуры, то аплату трэба праводзіць на рахунак менавіта ўніверсітэта фізічнай культуры. Пунктмі рэгістрацыі на ЦТ вызначаны не ўсе ВНУ Беларусі, а толькі некалькі дзясяткаў - там, дзе дазваляюць плошчы. Таму звяртаць увагу пры запаўненні дакументаў неабходна менавіта на тую навучальную ўстанову, дзе згодна з выдадзеным абітурыенту пропускам будзе праходзіць само тэсціраванне. Пры паступленні ў ССНУ абітурыент можа зарэгістравацца на два тэст-выпрабаванні, у ВНУ - не больш чым па трох вучэбных прадметах: па беларускай або рускай мове (па выбары) і па двух прадметах у адпаведнасці з профілем (напрамкам) спецыяльнасці.-0-