Запаведная вёска Домжарыцы сустрэла ўдзельнікаў велапрабегу за мір "Парыж-Масква"

16 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Запаведная вёска Домжарыцы - адміністрацыйны цэнтр Бярэзінскага біясфернага запаведніка першай на Віцебшчыне сустрэла ўдзельнікаў пятага велапрабегу за мір "Парыж-Масква", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела спорту і турызму Лепельскага райвыканкама Мікалай Дзямко. Акрамя традыцыйных хлеба і солі, на веласіпедыстаў сёння чакаюць экскурсія па музеі прыроды, наведванне экалагічнай сцежкі, сустрэча з ветэранамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і жыхарамі вёскі. Дарэчы, шпацыр па запаведным лесе марафонцы здзейсняць без сваіх двухколавых машын. Услед за Домжарыцамі гасцей сустрэнуць Лепель і Бешанковічы. У Лепельскім раёне да ўдзельнікаў міжнароднага веламарафону далучацца сем веласіпедыстаў з аграгарадка Старое Лядна. З Бешанковічаў марафонцы адправяцца ў Віцебск, дзе іх урачыста сустрэнуць прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх, спартыўна-фізкультурных арганізацый, ветэраны вайны. З гасцямі правядуць экскурсію па горадзе і пакажуць музей Марка Шагала. Ліёзна стане апошнім беларускім пасёлкам на шляху ў Маскву. Усяго па тэрыторыі Віцебскай вобласці веласіпедысты праедуць больш за 200 км. Пяты велапрабег праводзіцца арганізацыяй "Веласіпед за мір і новыя энергіі" ў рамках руху за мір і ўзаемадзеянне паміж народамі. Марафон агульнай працягласцю больш за 4 тыс. км стартаваў 4 ліпеня ў Парыжы і фінішуе 27 жніўня ў Маскве на Чырвонай плошчы. Удзельнікі пятага веламарафону міру "Парыж-Масква-2010", прысвечанага 65-годдзю вызвалення Еўропы ад фашызму, прыбылі ў Беларусь 6 жніўня з Польшчы. Яны ўжо праехалі праз Брэст, Кобрын, Драгічын, Іванава, Пінск, Ганцавічы. Пабывалі ў Мінску і гарадах Міншчыны.-0-