Забарона на купанне ўведзена ў Віцебску

12 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БелТА/. У Віцебску ўведзена забарона на купанне, паведамілі карэспандэнту БелТА ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Забарона на купанне распаўсюджваецца на рэкі Заходнюю Дзвіну, Лучосу і Віцьбу ў межах горада, паколькі вада ў іх не адпавядае стандартам па мікрабіялагічных паказчыках. Па-за межамі абласнога цэнтра, напрыклад, у любімым месцы адпачынку гараджан парку імя Савецкай Арміі, купацца можна. Не выклікае асцярог вада пакуль і ва ўсіх іншых рэгіёнах вобласці. Маніторынг за яе станам ажыццяўляецца пастаянна, адзначылі ў цэнтры. У цэлым да цяперашняга летняга сезону ў вобласці адкрыта 131 месца масавага адпачынку на рэках, азёрах і вадасховішчах. Добраўпарадкаваны зоны адпачынку ў 12 раёнах.-0-