Забарона на наведванне лясоў знята ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці
Забарону на наведванне лясоў знялі ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці, паведамілі ва ўпраўленні МНС па вобласці.
У рэгіёне, як і па ўсёй тэрыторыі краіны, усталявалася восеньскае прахалоднае і дажджлівае надвор'е, што спрыяльна паўплывала на абстаноўку ў лясах. "У мінулыя выхадныя дні ў райвыканкамы паступалі дзясяткі званкоў ад грамадзян з пытаннем аб магчымасці пайсці ў лес. На радасць грыбнікам і ягаднікам наведванне лясоў было дазволена яшчэ напярэдадні, 8 верасня, практычна ва ўсіх раёнах, за выключэннем Лёзненскага. Сёння мясцовы райвыканкам таксама зняў забарону", - растлумачылі ва ўпраўленні.
Пры гэтым у ведамстве нагадалі, што, адпраўляючыся ў лес, грамадзяне павінны выконваць правілы бяспекі, каб не заблудзіцца і не атрымаць пашкоджанні.
Кацярына Князева, БелТА.