Забарона на наведванне лясоў знята ва ўсіх рэгіёнах Беларусі
30 жніўня, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі зняты забарону на наведванне лясоў. За апошнія некалькі дзён клас пажарнай небяспекі знізіўся, вялікай пагрозы распаўсюджвання агню ў лясах Беларусі няма. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
На пачатку жніўня ў сувязі з ускладненнем пажарнай абстаноўкі ў лясах рэспублікі Камісія па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў Беларусі абавязала аблвыканкамы прыняць рашэнні аб забароне на наведванне лясоў і змяненні тэрмінаў палявання ў адпаведнасці з пунктам 192 дзеючых Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, зацверджаных указам. Гэтая мера адыграла немалаважную ролю ў прадухіленні пажараў - сітуацыя не выйшла з-пад кантролю. Калі ачагі ўзгаранняў з'яўляліся, яны дастаткова хутка ліквідаваліся, прычым у большасці выпадкаў сіламі работнікаў лясной гаспадаркі. Сродкі МНС прыцягваліся прыкладна ў 60 выпадках з 500.
Усяго з пачатку пажаранебяспечнага перыяду ў Беларусі зарэгістравана 508 выпадкаў лясных пажараў, у выніку якіх пацярпела ад агню 333,3 га лесу.
За мінулыя выхадныя па Беларусі не зафіксавана ніводнага ляснога пажару. Тым не менш, сродкі пажаратушэння знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці, службы дзяржаўнай лясной аховы гатовыя ў любую хвіліну выехаць на ліквідацыю лясных пажараў.
У Мінлясгасе нагадалі, што сезон палявання на птушыную вадаплаўную дзічыну быў адкрыты з 21 жніўня. -0-