Забарона на наведванне лясоў уводзіцца яшчэ ў трох раёнах Віцебскай вобласці

16 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Лепельскім, Глыбоцкім і Расонскім раёнах Віцебскай вобласці ўведзена забарона на наведванне лясоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні (ВВЛА). Такім чынам, для наведвання закрыты лясы ўжо ў дзесяці раёнах рэгіёну. Акрамя вышэйназваных забарона ўстаноўлена ў Віцебскім, Полацкім, Сянненскім, Талачынскім, Лёзненскім, Дубровенскім і Аршанскім раёнах, дзе склалася найбольш пажаранебяспечная сітуацыя. Прынятая мера ў пэўнай ступені дапамагла стабілізаваць сітуацыю з пажарамі. "У прыватнасці, у раёнах, дзе ўведзена забарона, ачагоў узгарання практычна не рэгіструецца. Адзінкавы выпадак, які закрануў нязначную плошчу, адбыўся 14 жніўня ў Аршанскім лясгасе", - адзначылі ў ВВЛА. Іншых лясных пажараў за мінулыя выхадныя на тэрыторыі вобласці не зафіксавана. Пастаянны маніторынг за становішчам спраў у лясным фондзе рэгіёну ажыццяўляюць супрацоўнікі лясной аховы і два авіяборта, якія патрулююць полацкую і віцебскую зоны.-0-