Забарона на наведванне лясоў уведзена ў Аршанскім і Дубровенскім раёнах Віцебскай вобласці
11 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Забарона на наведванне лясоў уводзіцца ў раёнах Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аховы, абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Васіль Кірпічонак.
Цяпер свае лясы для насельніцтва ўжо закрылі Аршанскі і Дубровенскі раёны, на парозе забароны - Полацкі. Акрамя таго, рыхтуецца рашэнне аб забароне наведвання лясоў на абласным узроўні.
Як адзначыў Васіль Кірпічонак, неабходнасць прыняцця гэтай меры абумоўлена высокай пажаранебяспечнай сітуацыяй, якая склалася ў рэгіёне. Так, з пачатку пажаранебяспечнага перыяду работнікі лясной гаспадаркі і іншых зацікаўленых службаў вобласці ліквідавалі 160 ачагоў узгарання. Агнём на сённяшні дзень пашкоджана 124 га лясных угоддзяў, з іх 39 га - у Аршанскім раёне і 20 га - у Полацкім. Пры гэтым больш за 80% узгаранняў звязана з выпальваннем сухой травы.
У мэтах папярэджання пажараў супрацоўнікамі ВЛГА рэалізуецца цэлы комплекс прафілактычных мер. У прыватнасці, наладжана рэгулярнае патруляванне на транспарце найбольш небяспечных месцаў, арганізавана пастаяннае дзяжурства на вышках. Штодня два борты выконваюць авіяназіранне за лясамі ў Полацкай і Віцебскай зонах. Праводзяцца гутаркі з насельніцтвам, расказаў Васіль Кірпічонак.-0-