Забарону на рыбалку ў Заходняй Дзвіне каля Віцебскай ГЭС прапануюць працягнуць на 2 гады
Забарону на рыбалку на ўчастку Заходняй Дзвіны каля Віцебскай гідраэлектрастанцыі прапануюць працягнуць на два гады. Гэта прадугледжана праектам пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое вынесена на грамадскае абмеркаванне на Прававым форуме, паведамляе БЕЛТА.
Праект пастановы прадугледжвае працягненне па 9 красавіка 2021 года забароны на аматарскае рыбалоўства ў Заходняй Дзвіне ад плаціны Віцебскай ГЭС на адлегласці 800 м ніжэй па цячэнні да месца ўпадзення ракі Лужаснянка (тэрмін цяперашняй забароны заканчваецца 9 красавіка 2019 года). Як растлумачылі ў Мінпрыроды, на гэтым участку Заходняй Дзвіны збіраецца шмат рыбы, што стварае ўмову для актывізацыі браканьерства. Масавы лоў рыбы можа прывесці да пагаршэння стану папуляцыі. У міністэрстве лічаць, што ў выніку прыняцця дакумента будуць захаваны рыбныя рэсурсы і створаны спрыяльныя ўмовы для іх узнаўлення. Акрамя таго, гэта дапаможа прадухіліць выпадкі браканьерства.