Зарэгістравацца на прафесійна-псіхалагічнае сумоўе ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі можна з 5 па 31 сакавіка

1 сакавіка, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі Беларусі вызначыла пералік ВНУ, у якіх будзе праводзіцца прафесійна-псіхалагічнае сумоўе. Рэгістрацыя пройдзе з 5 па 31 сакавіка ўключна, і толькі ў тых ВНУ, якія вызначаны месцамі правядзення сумоўя па асобных групах спецыяльнасцей. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ведамстве. У міністэрстве адзначылі, што пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка" (у тым ліку, калі яна з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), "міжнародная журналістыка", "мытная справа" усім абітурыентам незалежна ад формы будучай адукацыі (вочнай, завочнай, дзённай, вячэрняй, для атрымання другой вышэйшай адукацыі і іншых) неабходна папярэдне прайсці прафесійна-псіхалагічнае сумоўе. Рэгістрацыя грамадзян для ўдзелу ў сумоўі ажыццяўляецца на падставе іх асабістых заяў. Пры падачы заявы асабіста грамадзянін прад'яўляе дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт). Пры накіраванні заявы па пошце да яе прыкладаецца копія дакумента, які сведчыць асобу. Заявы, накіраваныя па пошце, павінны паступіць у ВНУ не пазней 31 сакавіка. Заявы, якія паступілі пасля 31 сакавіка, не разглядаюцца. Не дапускаецца рэгістрацыя на адну і тую ж спецыяльнасць (групу спецыяльнасцей) у розных ВНУ. Рэгістравацца і праходзіць прафесійна-псіхалагічнае сумоўе можна ў любой ВНУ, пазначанай у пераліку, незалежна ад таго, куды будзе паступаць абітурыент. Прафесійна-псіхалагічнае сумоўе пройдзе з 5 па 30 красавіка ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі ВНУ, якія ажыццяўляюць правядзенне сумоўя. Традыцыйна сумоўе праводзіцца ў форме індывідуальнай гутаркі камісіі з абітурыентам з мэтай выяўлення асобасных, дзелавых якасцей, здольнасцей і матывацыі абітурыента да навучання па выбранай спецыяльнасці (групе спецыяльнасцей) у адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення прафесійна-псіхалагічнага сумоўя або тэсціравання, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 2008 г. № 17 (Інструкцыя размешчана на сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь). Па пытаннях рэгістрацыі і правядзення прафесійна-псіхалагічнага сумоўя абітурыенты павінны звярнуцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такім чынам, месцамі правядзення прафесійна-псіхалагічнага сумоўя ў 2010 годзе вызначаны: Для групы спецыяльнасцей "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і права" і "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка" - Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Для групы спецыяльнасцей "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права" - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін, БІП - Інстытут правазнаўства. Для групы спецыяльнасцей "правазнаўства" і "эканамічнае права" - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін, Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут, Прыватны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва, БІП - Інстытут правазнаўства і Мінскі інстытут кіравання. Для групы спецыяльнасцей "журналістыка" і "міжнародная журналістыка" - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. Для спецыяльнасці "мытная справа" - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.-0-