Зарэгістравацца ў якасці электроннага падаткаплацельшчыка цяпер можна і ў Віцебску

12 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебск стаў трэцім абласным цэнтрам Беларусі, дзе можна зарэгістравацца ў якасці электроннага дэкларанта, не выязджаючы ў сталіцу. Тут пачаў працаваць рэгістрацыйны цэнтр рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі МПС па Віцебскай вобласці. Віцебскі цэнтр, таксама як і аналагічныя падраздзяленні ў Магілёве і Гродне, будзе выдаваць абаненту апаратны носьбіт ключавой інфармацыі, дыск з праграмным забеспячэннем для працы з электронна-лічбавым подпісам, іншыя неабходныя дакументы для віртуальных зносін з падатковай. Раней за ўсім гэтым неабходна было ехаць у Мінск у інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах. Акрамя таго, віцебскі абласны цэнтр гатовы пры неабходнасці навучыць эксплуатаваць электронныя тэхналогіі і прымаць плацельшчыкаў з іншых рэгіёнаў рэспублікі. Для зручнасці кліентаў арганізаваны папярэдні запіс па тэлефоне. Падатковыя органы Беларусі з 1 красавіка бягучага года пачалі прымаць электронныя дэкларацыі ад усіх жадаючых, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб. У Віцебскай вобласці ў цяперашні час карыстальнікамі сістэмы электроннага дэкларавання з'яўляюцца 327 юрыдычных асоб і 9 індывідуальных прадпрымальнікаў.-0-