Абаронца зборнай Беларусі Уладзімір Дзянісаў запрошаны ў трэніровачны лагер «Вашынгтон Кэпіталс»

11 верасня, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Абаронца зборнай Беларусі Уладзімір Дзянісаў запрошаны ў трэніровачны лагер клуба НХЛ "Вашынгтон Кэпіталс", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Паводле інфармацыі афіцыйнага сайта "Вашынгтона", у трэніровачны лагер асноўнай каманды былога клуба Глена Хэнлана запрошаны 48 хакеістаў - 3 брамнікі, 17 абаронцаў і 28 форвардаў. Пачатак збору - 13 верасня. Прычым вельмі верагодна, што спіс дапоўніцца некалькімі лепшымі гульцамі трэніровачнага збору маладых хакеістаў (3 брамнікі, 8 абаронцаў і 12 форвардаў), які пачаўся 6 верасня. Такім чынам, каб 25-гадоваму выхаванцу наваполацкага хакея прабіцца ў асноўны склад, трэба вытрымаць канкурэнцыю амаль у 3 чалавекі на месца, а то і яшчэ больш жорсткую, калі ўлічыць, што лідары абарончай лініі мінулага сезона Майк Грын, Том Поці, Браян Пат'е і Мілан Юрчына напэўна змогуць даказаць права на месца пад сонцам. Падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату НХЛ у "Вашынгтона" запланавана 6 выставачных матчаў, першы з іх пройдзе 17 верасня ў Бафала. У чэмпіянаце НХЛ "Вашынгтон" стартуе 1 кастрычніка паядынкам з "Бостанам". Сёлета летам настаўнік зборнай Беларусі Глен Хэнлан настойліва завабіў Уладзіміра Дзянісава ў мінскае "Дынама", аднак абаронца вырашыў яшчэ раз паспрабаваць шчасце за акіянам. У выпадку ж няўдалай спробы прабіцца ў "Вашынгтон" Дзянісаў паабяцаў далучыцца да беларускага клуба. Два папярэднія сезоны Уладзімір Дзянісаў правёў у Паўночнай Амерыцы, выступаючы за фарм-клубы каманд НХЛ "Каларада Эвеланш" і "Нью-Ёрк Рэйнджэрс". Раней ён гуляў у чэмпіянаце Беларусі за "Віцебск", мінскую "Юнасць", наваполацкі "Хімік-СКА" і мінскі "Керамін", а ў расійскай суперлізе ў сезоне-2006/2007 выступаў за тальяцінскую "Ладу". У складзе зборнай Беларусі Уладзімір Дзянісаў згуляў на чатырох чэмпіянатах свету (2006, 2007, 2008, 2009). -0-