Пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў: абмеркавалі рэалізацыю ўказа аб пустуючых і старых дамах і пытанні бюджэту

Як асноўнае пытанне быў разгледжаны ход рэалізацыі ў раёне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2018 года № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама І. Л. Зайцаў. Ігар Леанідавіч праінфармаваў, што за 2020 год на тэрыторыі раёна выяўлена 151 дом, які адпавядае патрабаванням вышэйназванага дакумента (у тым ліку пустуючыя – 128, старыя – 23). У дачыненні да 62 дамоў праводзіцца папярэдняя праца па зборы звестак аб уласнікаў, патэнцыйных спадчыннікаў, устанаўленні іх месцазнаходжання, іншай інфармацыі, робяцца неабходныя запыты.

— Вырашыць лёс пакінутых без гаспадароў пабудоў – задача дастаткова працаёмкая, — падкрэсліў І. Л. Зайцаў. - Бо домаўладанні, якімі б яны ні былі, з'яўляюцца прыватнай уласнасцю. Таму перш, чым знесці дом, неабходна выканаць шэраг працэдур, пазначаных заканадаўствам. На сённяшні дзень у дачыненні да 35 дамоў маюцца рашэнні суда аб прызнанні бесгаспадарнымі, па ўсіх дамах прыняты рашэнні аб іх далейшым выкарыстанні (знос або продаж). На дадзены момант у суд на разгляд пададзена 10 іскаў аб прызнанні дамоў бесгаспадарнымі і перадачы іх у раённую камунальную ўласнасць.

За 2020 год сіламі сельвыканкамаў, арганізацый, а таксама ўласнікаў знесена 19 домаўладанняў, у тым ліку 8 за кошт бюджэтных сродкаў (асвоена 8 тысяч рублёў). Цяпер ідзе падрыхтоўка дакументацыі на знос 27 дамоў, па якіх прынята рашэнне суда. Працу па зносе дамоў ажыццяўлялі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, ДРБУ-107, УП «Лёзненская ПМС», сельгаспрадпрыемствы.

— Застаецца праблемай правядзенне рэкультывацыі пасля зносу, — звярнуў увагу Ігар Леанідавіч. – Знесці драўляны дом не настолькі цяжка, а з разборкай фундамента ўзнікаюць пэўныя складанасці. Як адзначалася вышэй, па раёне знесена 19 дамоў, рэкультывацыя ж праведзена толькі на 13 участках. Вось і атрымліваецца, што 6 участкаў па-ранейшаму не выкарыстоўваюцца належным чынам па прызначэнні.

Па словах І. Л. Зайцава, створана база даных па пустуючых і старых дамах, якіх у раёне ўсяго 411.

Па дадзеным пытанні таксама выступілі старшыня суда Лёзненскага раёна А. В. Афанасьева, пракурор Д. А. Журко. Досведам работы падзялілася старшыня Лёзненскага сельскага Савета С. В. Пукава.

У. У. Церанцьеў ацаніў дзейнасць па рэалізацыі Указа № 357 «Аб пустуючых і старых дамах», якая праводзіцца ў раёне, як здавальняючую.

Аб рабоце мясцовых органаў улады па мабілізацыі даходаў у кансалідаваны бюджэт Лёзненскага раёна, эканомным расходаванні бюджэтных сродкаў, кантролі за выкананнем падатковага заканадаўства суб'ектамі гаспадарання раёна далажла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Н. А. Якімуш.

Завяршылася пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў урачыстым узнагароджаннем. У. У. Церанцьеў уручыў Ганаровую грамату абласнога Савета дэпутатаў трактарысту філіяла «Лёзненскае ДРБУ № 107» КУП «Віцебскаблдарбуд» Міхаілу Сямёнавічу Пухаву, Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта метадысту метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры Галіне Васільеўне Паўлоўскай, падзяку старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта калькулятару па харчаванні СШ № 1 Надзеі Пятроўне Радкевіч.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Т. Л. Дрылёнак уручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў урачу агульнай практыкі, загадчыку Высочанскай сельскай урачэбнай амбулаторыі Паўлу Іванавічу Старжынскаму, падзячныя пісьмы начальніку Крынкоўскага вытворчага ўчастка УП ЖКГ Сяргею Аляксандравічу Марозу, галоўнаму спецыялісту аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Віктару Аляксандравічу Анціпенку, медыцынскай сястры працэдурнага кабінета аддзялення дзённага знаходжання УЗ «Лёзненская ЦРБ» Таццяне Мікалаеўне Рутчанковай, медыцынскай сястры інфекцыйнага аддзялення УЗ «Лёзненская ЦРБ» Марыне Валер'еўне Еромінай.

Далей В.В. Церанцьеў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Т.Л. Дрылёнак наведалі вытворчы цэх (г.п. Лёзна) ААТ «Малако» г. Віцебск, дзе сустрэліся з членамі працоўнага калектыву. Сёння дзейнасць дадзенага прадпрыемства часова прыпынена. Таму работнікам цэха вельмі важна было пачуць адказы на пытанні, якія тычацца яго далейшай працы. Уладзімір Уладзіміравіч наведаў вытворчы корпус, звярнуў увагу на высокі ўзровень матэрыяльна-тэхнічнай базы і прафесіяналізм калектыву. Ён адзначыў, што ў Лёзне ёсць усе ўмовы для таго, каб вырабляць высакаякасную прадукцыю, тым больш, што нашы сыры карыстаюцца попытам у пакупнікоў, у тым ліку і за мяжой.

На наступны дзень пасля сустрэчы начальнік цэха А.В. Касцюкевіч паведаміў, што ўжо ў суботу, 13 сакавіка, прадпрыемства прыступае да выпуску прадукцыі.