Завяршылася маштабная рэканструкцыя Наваполацкай нафтабазы, што дазволіла ўдвая павялічыць грузаабарот
Калі раней праз склад штогод праходзіла каля 100 тысяч тон нафтапрадуктаў, то цяпер прадугледжваецца павялічыць гэты паказчык да 200 тысяч, а пры неабходнасці і да 350. Выхад на новыя магутнасці дазволіць наваполацкаму складу ў поўнай меры і своечасова забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі прамыслоўцаў, аграрыяў і аўтазаправачныя станцыі Віцебшчыны, але і прадпрыемствы нафтапрадуктазабеспячэння Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей.
Рамонтна-будаўнічыя работы вяліся паэтапна на працягу двух гадоў і без прыпынку вытворчасці. За гэты час на тэрыторыі прадпрыемства адбыўся шэраг пераўтварэнняў, якія адкрываюць перад наваполацкай нафтабазай новыя магчымасці, прычым не толькі ў колькасным вымярэнні. Напрыклад, дзякуючы ўстаноўцы сучаснага абсталявання цалкам аўтаматызаваны тэхналагічныя працэсы прыёму, захоўвання і адпуску светлых нафтапрадуктаў, што забяспечвае максімальную дакладнасць і хуткасць адгрузкі прадукцыі заказчыкам. У сваю чаргу, на ўчастку цёмных нафтапрадуктаў пабудаваны цэх фасоўкі масла ў дробную тару.
Варта адзначыць, што пры мадэрнізацыі прыняты меры па змяншэнні ўздзеяння шкодных рэчываў на навакольнае асяроддзе. Так, была ўстаноўлена найноўшая сістэма, якая ўлоўлівае пары нафтапрадуктаў пры правядзенні зліўных-наліўных аперацый.
Ва ўрачыстым адкрыцці абноўленага аб'екта ў рамках выязнога пашыранага пасяджэння ў Наваполацку прыняло ўдзел кіраўніцтва ААТ «Нафтан», канцэрна «Беларуснафта» і ўсіх яго даччыных прадпрыемстваў па забеспячэнні нафтапрадуктамі, прадстаўнікоў ААТ «Полацктранснафта Дружба» і «Гомельтранснафта Дружба». І такое сур'ёзнае прадстаўніцтва не выпадкова. Бо дадзеная база (як і Мазырская), у адрозненне ад іншых сховішчаў краіны, злучана наўпрост з НПЗ пры дапамозе нафтапрадуктаправода.
Таму перабояў у пастаўцы паліва з прычыны якіх-небудзь «дарожных» праблем тут быць не можа.
Падрыхтавала Наталля РЫЖКОВА.
“Віцебскі рабочы”