Зайздросны жаніх - сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Пекіне Вадзім Дзевятоўскі бярэ шлюб 9 кастрычніка
8 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адзін з самых жаданых жаніхоў Беларусі - сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Пекіне ў кіданні молата Вадзім Дзевятоўскі бярэ шлюб 9 кастрычніка. Да апошняга часу асабістае жыццё прыгажуна-спартсмена заставалася таямніцай. Вадзім ніколі не распавядаў журналістам пра запаветнае, але напярэдадні знамянальнай падзеі падзяліўся радасцю з карэспандэнтам БЕЛТА.
Яго выбранніцу завуць Вольга, па адукацыі яна юрыст. Маладыя знаёмыя даўно - разам вучыліся ва ўніверсітэце і, як прызнаўся Вадзім, хацелі згуляць вяселле адразу пасля Пекінскай алімпіяды. Аднак канфлікт з дысцыплінарнай камісіяй Міжнароднага алімпійскага камітэта, доўгія судовыя цяжбы вымусілі адкласці жаданае вяселле. "Вяселле - гэта самая важная падзея ў маім жыцці. Усё маё жыццё звязана са спортам, але прызначэнне чалавека - гэта сям'я, дзеці", - упэўнены алімпіец.
Па прызнанні Вадзіма, прыкладам сямейных адносін для яго будуць адносіны яго бацькоў. "Паміж бацькам і маці заўсёды панавалі любоў і згода, успамін пра гэта жывы ў маім сэрцы", - сказаў ён.-0-