Завод "Этон" паставіць абсталяванне для рэканструкцыі цэнтральных цеплавых пунктаў Смаленска

11 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Завод "Этон" (Навалукомы, Віцебская вобласць) паставіць энергазберагальнае абсталяванне для рэканструкцыі цэнтральных цеплавых пунктаў Смаленска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Багатыроў. Пастаўка рэгулюючых клапанаў і рэгулятараў тэмпературы пачнецца ў другой палове кастрычніка. Усталёўваць абсталяванне спецыялісты прадпрыемства будуць на працягу лістапада на шасці аб'ектах. Агульны аб'ём работ разам з абсталяваннем па кантракце складзе каля 2 млн. расійскіх рублёў, што прыраўноўваецца да 10% месячнага таварнага выпуску прадукцыі. "Рэканструкцыя цэнтральных цеплавых пунктаў у Смаленску толькі пачалася. У далейшым расійскі горад плануе працягнуць гэту працу і супрацоўніцтва з навалукомльскім прадпрыемствам", - адзначыў Сяргей Багатыроў. Расія з'яўляецца асноўным рынкам збыту для "Этону". Добрыя партнёрскія адносіны склаліся з Маскоўскай, Пскоўскай абласцямі, Курскам, Бранскам, Санкт-Пецярбургам, Казанью і многімі іншымі гарадамі і рэгіёнамі Расіі, куды прадпрыемства рэгулярна пастаўляе энергазберагальнае і сантэхнічнае абсталяванне для сацыяльных аб'ектаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У студзені-веражні прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br14,4 млрд., або 138,9% да аналагічнага перыяду мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за восем месяцаў склала 7%. Экспарт у студзені-жнівень склаў $833 тыс. (102,3%), яго ўдзельная вага ў агульным аб'ёме рэалізацыі - каля 30%. Завод утвораны ў 1975 годзе. З 1994 года спецыялізуецца на выпуску энергазберагальнага абсталявання для цеплаводазабеспячэння і ветранатахнікі. Наменклатура выпускаемага абсталявання налічвае звыш 180 найменняў. Сярэднеўзважаная колькасць працаўнікоў - звыш 300 чалавек.-0-