Завод «Ветразь» пачаў выпуск камплектуючых для італьянскіх ліфтаў

У студзені бегамльскае ААТ «Завод «Ветразь» прыступіла да выпуску камплектуючых для ліфтоў пад брэндам вядомай італьянскай фірмы «Vega SRL». Але гэта не адзіная навінка ад мясцовых спецыялістаў — у лютым тут запускаецца яшчэ і вытворчасць самарэзаў.

Як паведаміў «Віцебскім весткам» дырэктар прадпрыемства Анатоль Сіўко, у кааперацыі з італьянскімі партнёрамі «Ветразь» асвоіў выпуск панэляў выкліку дзвюх мадыфікацый, аснашчаных вадкакрысталічным экранам і антывандальнай кнопкай і прызначаных для абсталявання ліфтавых кабін. Кантракт доўгатэрміновы, пры гэтым месячны аб'ём вытворчасці брэндавай прадукцыі складзе не менш за 1,5 млрд рублёў. На дадзеным этапе замежны заказчык забяспечвае беларускага вытворцу камплектуючымі і прадастаўляе тэхнічную дакументацыю, а непасрэдна ў Бегамлі ажыццяўляецца зборка панэляў.

– Ужо дасягнуты дамоўленасці аб тым, што ў маі інвестар паставіць у Бегамль дадатковае абсталяванне, пасля чаго і асноўную камплектацыю панэляў мы будзем вырабляць непасрэдна на нашай пляцоўцы, – паведаміў Анатоль Сіўко.

Акрамя таго, на заводзе завяршаецца наладка абсталявання, закупленага ў 2015 годзе, для арганізацыі выпуску яшчэ аднаго віду сучасных крапежных вырабаў – самарэзаў. Гэту навінку бегамльскія спецыялісты будуць прасоўваць унутры краіны, а таксама прапрацоўваюць магчымасць выхаду на знешнія рынкі, перш за ўсё расійскіх рэгіёнаў. Таксама ў планах пашырэнне выпуску гроверных шайбаў, для чаго таксама набыты дадатковыя станкі.

Сёння месячны аб'ём вытворчасці бегамльскага прадпрыемства перавышае 3 млрд рублёў. Пры гэтым да 85% прадукцыі пастаўляецца кіруючай кампаніі холдынгу «Магілёўліфтмаш», у які ўваходзіць «Ветразь».

Сяргей Анто́наў, «Віцебскія весці».