Завод "ВІСТАН" распрацоўвае комплексную праграму свайго развіцця

26 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Комплексная праграма развіцця рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства (РУП) "ВІСТАН" на перыяд 2010-2011 гадоў будзе распрацавана на прадпрыемстве, паведаміў сёння журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас наведвання завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Мэтай рэалізацыі праграмы стане павышэнне аб'ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі і тавараў народнага спажывання, павелічэнне экспарту і рост заработнай платы работнікаў. Асноўнымі напрамкамі работы прадпрыемства на бліжэйшыя два гады павінны стаць тэхнічнае перааснашчэнне (знос асноўных фондаў складае 95%), распрацоўка і выпуск інавацыйнай тэхнікі, імпартазамяшчальных спажывецкіх тавараў, павелічэнне наменклатуры. Па папярэдніх разліках, на тэхнічнае пераўзбраенне завода "ВІСТАН" неабходна каля Br80 млрд. Пры гэтым частку абсталявання завод, які спецыялізуецца на выпуску такарна-шрубарэзных, зубчатых станкоў і шліфавальных паўаўтаматаў, можа выпусціць для сябе сам. Старшыня аблвыканкама таксама запатрабаваў у комплекснай праграме развіцця прадпрыемства надаць сур'ёзную ўвагу стварэнню спрыяльных і бяспечных умоў працы работнікаў. Аналагічныя праграмы будуць распрацаваны таксама для астатніх станкабудаўнічых заводаў вобласці: "Візас", "Чырвоны баец", інструментальнага завода. РУП "ВІСТАН" з'яўляецца адным з найстарэйшых станкабудаўнічых прадпрыемстваў рэспублікі і вядзе сваю гісторыю з 1914 года. Прадпрыемства выпускае больш за 50 базавых мадэляў паўаўтаматаў. Сістэма менеджменту якасці вытворчасці станкавой прадукцыі сертыфікавана ў адпаведнасці са стандартам ІСА 9001-2001. Па выніках работы ў студзені-лютым бягучага года тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці склаў 103,8%, тэмп росту спажывецкіх тавараў - 104,75, рэнтабельнасць - 4%. Прадпрыемства супрацоўнічае з вытворцамі ў 11 дзяржавах. Аб'ём экспарту за два месяцы склаў 60% да аналагічнага перыяду 2009 года. На заводзе працуюць больш за 800 чалавек, сярэдняя заработная плата складае Br735 тыс.-0-