Завод "ВІСТАН" у 2009 годзе асвоіў выпуск амаль 20 імпартазамяшчальных агрэгатаў для сельгастэхнікі
16 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі станкабудаўнічы завод "ВІСТАН" летась распрацаваў і асвоіў выпуск амаль 20 новых відаў імпартазамяшчальных вузлоў і агрэгатаў для сельскагаспадарчай тэхнікі айчынных вытворцаў. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Белецкі.
Да асваення гэтай тэматыкі "ВІСТАН" прыступіў пасля вывучэння патрэбы айчынных прадпрыемстваў сельгасмашабудавання ў камплектуючых. "Ва ўмовах зніжэння заказаў на станкі нам удалося аператыўна пераарыентаваць вытворчасць на выпуск альтэрнатыўнай прадукцыі, почынаючы ад распрацоўкі дакументацыі да падрыхтоўкі доследнага ўзору", - адзначыў Андрэй Белецкі. Па выніках 2009 года "ВІСТАН" давёў аб'ём выпуску альтэрнатыўнай прадукцыі да Br4 млрд., што склала амаль 20% у агульным аб'ёме вытворчасці.
Найбольш плённае супрацоўніцтва склалася ў станкабудаўнікоў з ААТ "Бабруйскаграмаш", для якіх віцябляне выпускаюць рэдуктары і сілавыя агрэгаты, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці сельгасмашын рознага прызначэння. "Да сярэдзіны мінулага года мы ўжо шчыльна працавалі з бабруйскім вытворцам, адгружаючы штомесяц партыі па 50 агрэгатаў", - адзначыў Андрэй Белецкі. Для РУП "Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў" віцебскія станкабудаўнікі асвоілі выпуск задніх мастоў для маламагутных мадэляў трактароў "Беларус-622". Цяпер "ВІСТАН" завяршае фарміраванне партфеля заказаў на 2010 год, прадугледжваецца, што доля альтэрнатыўнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці складзе да 60%, дадаў ён.
У 2010 годзе віцебскія станкабудаўнікі таксама плануюць прыняць удзел у рэалізацыі праекта на ААТ "Аршааграпраммаш" па выпуску шматфункцыянальнага прычэпа "Дняпро". "Для гэтай навінкі, распрацаванай аршанскім вытворцам, мы гатовыя выпускаць задні борт з рэдуктарам і плануем паставіць 300 камплектаў, якія "Аршааграпраммаш" будзе вырабляць па замове Віцебскай вобласці", - сказаў Андрэй Белецкі. Акрамя таго, у планах "ВІСТАНА" супрацоўніцтва з ААТ "Лідсельмаш" па выпуску канвеерных рэдуктараў для збожжасушыльных комплексаў. Шэраг агрэгатаў для сельгастэхнікі віцебскія станкабудаўнікі распрацоўваюць па замове Шчучынскага рамонтнага завода і да сярэдзіны года плануюць выйсці на серыйную вытворчасць распрацовак, дадаў суразмоўца.
РУП "ВІСТАН" з'яўляецца адным са старэйшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі і найбуйнейшым у СНД вытворцам станкавой прадукцыі. Прадпрыемства выпускае больш за 50 базавых мадэляў паўаўтаматаў. Сістэма менеджменту якасці вытворчасці станкавой прадукцыі сертыфікавана ў адпаведнасці са стандартам ІСА 9001-2001.-0-