Заўтра на дарогах краіны пройдзе дзень бяспекі вела- і мотатранспарту
24 красавіка Дзяржаўтаінспекцыя правядзе Адзіны дзень бяспекі руху «Два колы – падвойная небяспека!», накіраваны на прафілактыку ДТЗ з удзелам матацыклістаў, скутэрыстаў і веласіпедыстаў. Супрацоўнікі ДАІ плануюць правесці тэматычныя акцыі, а таксама наведаць навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый.
Дарожная міліцыя канстатуе, што за тры месяцы гэтага года па віне байкераў адбылося 17 ДТЗ, у якіх пяць чалавек загінулі і 17 атрымалі раненні. У пяці выпадках матацыклісты былі нецвярозымі. Акрамя таго, са студзеня па сакавік здзейснена 31 наезд на веласіпедыстаў. Таксама веласіпедысты сталі прычынай 14 аварый, у якіх адзін чалавек загінуў і 13 былі траўмаваны. Чатыры веласіпедысты падчас здзяйснення ДТЗ знаходзіліся ў стане ап'янэння.
Па дадзеных аналізу аварыйнасці, ДТЗ на мотатэхніцы здзяйсняе (і гіне) у асноўным моладзь ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Сярод асноўных прычын ДТЗ з удзелам байкераў дзяржаўтаінспектары называюць кіраванне транспартам без права кіравання і навыкаў кіравання, язда на няспраўным і не прайшоўшым тэхнічны агляд транспартным сродку, а кожнае трэцяе ДТЗ здзяйсняецца матацыклістамі, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане.
Веласіпедысты ж забываюць пра тое, што ПДР і элементарныя нормы бяспекі патрабуюць ад іх перамяшчацца па веладарожках і тратуарах. Выязджаць жа на абочыны можна толькі пры адсутнасці вышэйназваных элементаў. Рухаючыся па трасах, веласіпедысты павінны ехаць не далей аднаго метра ад краю абочыны. Пры наяўнасці дзвюх палос для руху ў розныя бакі яны не маюць права паварочваць налева або разварочвацца, а павінны, як і пешаходы, перайсці дарогу па пераходзе, вядучы ровар побач.