Заўтра з 10.00 да 12.00 у абласной філармоніі пройдзе цырымонія развітання з рэктарам ВДУ Аляксандрам Салодкавым

Завтра с 10.00 до 12.00 в областной филармонии пройдёт церемония прощания с ректором ВГУ Александром Солодковым

14 кастрычніка 2013 года трагічна загінуў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар Саладкоў Аляксандр Пятровіч.

На піку жыццёвых сіл, на ўзлёце палітычнай, навуковай і прафесійнай дзейнасці адышоў у лепшы свет неардынарны і таленавіты чалавек, які шмат зрабіў для развіцця айчыннай медыцыны і вышэйшай адукацыі.

А. П. Саладкоў нарадзіўся 5 кастрычніка 1960 года ў Віцебску. У 1984 годзе з адзнакай скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, з якім на доўгія гады звязаў сваю працоўную біяграфію.

Пачаўшы са сціплай пасады асістэнта кафедры нармальнай фізіялогіі, у 1991 годзе стаў кандыдатам, а ў 1998-м – доктарам медыцынскіх навук.

З 1999 года малады прафесар узначаліў Цэнтральную навукова-даследчую лабараторыю інстытута, а ў 2001-м быў прызначаны на пасаду прарэктара па навукова-даследчай рабоце БДМУ, якую займаў аж да прызначэння ў 2009 годзе на пасаду рэктара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Прафесар А. П. Саладкоў кіраваў 4 праектамі, якія фінансуюцца Беларускім фондам фундаментальных даследаванняў. З 2000 года арганізаваў і правёў 12 міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Ён аўтар 2 манаграфій, 6 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, больш за 350 навуковых прац.

Навуковыя дасягненні Аляксандра Пятровіча атрымалі прызнанне сярод замежных калег: ён быў сапраўдным членам Нью-Ёркскай акадэміі навук, таварыства эксперыментальнай біялогіі і медыцыны (ЗША), Міжнароднай акадэміі гуманізацыі адукацыі (Германія).

За шматгадовую і плённую працу Салодкоў А.П. узнагароджаны знакамі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, абласнога выканаўчага камітэта і абласнога Савета дэпутатаў, удастоены звання «Чалавек года Віцебшчыны» за 2012 год.

Яго добра ведалі ў вобласці і рэспубліцы. Актыўная жыццёвая пазіцыя, здольнасць бачыць праблемныя пытанні і ўменне дабівацца іх вырашэння спрыялі абранню А. П. Салодкава членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання і дэпутатам Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 26-га склікання.

Светлая памяць аб Аляксандры Пятровічу Салодкаве назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і памяці тых, хто працаваў з ім і ведаў яго.

?

А. М. Косінец, А. Я. Ацясаў, В. Г. Новацкі, Э. М. Дзям'янаў, А. В. Дзіулін, А. С. Мацкевіч, В. В.Тарэнцьеў, А. В. Мацюшка, І. В. Яўсееў, В. Ю. Арчакоў, В. М. Максімаў, М. А. Белаў, В. П. Мікалайкін, В. С. Башметаў, А. Г. Меркушаў, Н. І. Качанава, І. А. Шчурок, М. Р. Смунёў, М. В. Арлоў.