Заўтра ў Віцебску адкрываецца «Славянскі базар»

У Летнім амфітэатры ідуць апошнія падрыхтоўкі: наладка мікрафонаў, святла, тэлекамер. А вось штрыхі да музычнага партрэта галоўнай фестывальнай пляцоўкі горада любімыя артысты дададуць ужо сёння. Увечары пачнуцца першыя саўндчэкі зорак. Але пільную ўвагу прыхільнікаў «Славянскага базару» — не толькі да артыстаў з імем. Кожны з 14 удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў «Віцебск-2020» атрымае свой шанец узяць ноту — за гэтым прасачыць старшыня журы Алег Газманаў. Але перш чым сцэну зоймуць канкурсанты, пробу здымуць члены судзейскай калегіі і запрошаныя госці канцэрта адкрыцця. На 29-м па ліку фестывалі, які пачнецца заўтра ў 20:30, выступяць усе лепшыя і любімыя артысты — ад Філіпа Кіркорава і Аляксандра Буйнова да фіналіста шоў «Голас» Ладзіслава Бубнара і старшыні журы дзіцячага конкурсу Аляксандра Саладухі. У цырымоніі адкрыцця фестывалю чакаецца ўдзел Аляксандра Лукашэнкі.

Акорды дружбы

Добрыя навіны для ўсіх прыхільнікаў мілагучнай украінскай «мовы». Праз некалькі гадоў пасля зацяжной паўзы на «Славянскі базар у Віцебску» вяртаецца Дзень Украіны. «З Украінаю ў сэрцы!» — так называецца маштабны канцэрт, які пройдзе на галоўнай фестывальнай сцэне 18 ліпеня а 18:00. Каго чакаем у гасцях? Ціну Кароль, Ірыну Білык, Мікалая Гнатюка, Таісію Павалій, суперпапулярны гурт Kazka і многіх-многіх іншых. Музычны прадзюсар праекта з украінскага боку вядомы кампазітар Вікторыя Кохана шчыра прызнаецца:

— Вядома, запрасіць такую колькасць топавых артыстаў на выступленне ў вялікім выязным канцэрце ў перыяд каранціну было вельмі няпроста, але нам усё ж удалося дамовіцца з тымі, каго даўно любіць і цэніць не толькі Украіна, але і Беларусь.


Кіраўнік і галоўны рэжысёр праекта Раман Нядзельскі пацвярджае:

— Ведаю, што беларуская публіка вельмі чакала аднаўлення Дзён Украіны на «Славянскім базары». Часта чуў пра гэта, паколькі арганізаваў і правёў 5 канцэртаў — Дзён культуры Украіны — у розных гарадах Беларусі. Мы аб'ехалі ўсю краіну, і заўсёды нашы мерапрыемствы былі мега­паспяховымі. Прычым гэта быў запыт менавіта аўдыторыі, жаданне саміх людзей — нашых беларускіх сяброў і суседзяў, якія шчыра любяць Украіну і засумавалі па яе выканаўцах. І вось мы зноў заяўім пра сябе на галоўнай сцэне ў віцебскім Летнім амфітэатры.

Дарэчы, за амаль тры дзясяткі фестывальных гадоў «Славянскі базар» стаў трамплінам у свет вялікай музыкі для многіх вядомых сёння спевакоў. Цікава, што першым пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» быў украінец — Алекса Бераст. Вядомасць музыканта далей за родную краіну не пайшла, затое на радзіме Алекса лічыцца зоркай першай велічыні. Годам пазней, у 1993-м, у Віцебску з трыумфам выступіла малавядомая тады Таісія Павалій — і назаўжды ўпісала сваё імя ў гісторыю «Славянскага базару», стаўшы першай уладальніцай Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў. У 1994-м — гучная перамога Аляксандра Панамарова, цяпер народнага артыста і зорнага трэнера ўкраінскага «Голасу». А праз два гады Гран-пры ў Кіеў павезла спяваица Руслана — пераможца «Еўрабачання-2004».


Раман Недзельскі ўпэўнены, што выкрасліць «Славянскі базар» з гісторыі найбольш паспяховых украінскіх выканаўцаў і гісторыі мясцовай эстрады ў цэлым проста немагчыма:

— Беларусь сёлета нас запрасіла. Мы адгукнуліся і вярнуліся. А значыць, у Летнім амфітэатры зноў адбудзецца дыялог украінскага мастацтва і беларускай публікі. Спадзяюся, не апошні. Асабіста я і наша крэатыўная каманда кіруемся простым прынцыпам: дзе гучыць украінская песня, там ёсць Украіна.

Колькі людзей будуць гледачамі фестывальнай праграмы сёлетняга «Славянскага базару», палічыць будзе нялёгка. Бо ў адрозненне ад вядомых форумаў на адкрытым паветры, якія праходзяць на адной пляцоўцы, сцэнай віцебскага фестывалю стануць плошчы і вуліцы горада.

Месца сустрэчы змяніць нельга

А вось якое новае зорнае імя заззяе на конкурсе маладых выканаўцаў сёлета, гледачы даведаюцца ў нядзелю. 14 удзельнікаў дарослага конкурсу і 17 дзіцячага — усе госці прыбудуць са сваімі дэлегацыямі дакладна ў тэрмін, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з закрыццём межаў. Геаграфія найшырэйшая: Канада, Куба, Францыя, Італія, Латвія, Казахстан, Арменія, Боснія і Герцагавіна… Для маладых выканаўцаў і юных зорачак наш фестываль — гэта шчаслівы білет, шанец заявіць пра сябе. Бо старшыні журы Алег Газманаў і Аляксандр Саладуха — важкія фігуры ў музычным свеце.

Для галоўнага есаула расійскай эстрады ацэньваць моладзь — справа ўжо звыклая. У Віцебску ў складзе судзейскай калегіі Алег Газманаў пасядзеў упершыню яшчэ 12 гадоў таму. Не раз артыст адзначаў на «Славянскім базары» і ўласны дзень нараджэння. 


У калегі Газманава па судзейскім крэсле Аляксандра Саладухі — свае ўспаміны пра фестывальны Віцебск. У 1992 годзе яго суперхіт «Здравствуй, чужая милая» ўпершыню прагучаў на «Славянскім базары». Але да заўтрашняга канцэрту артыст усё ж рыхтуе прэм'ерную навінку:

— Назву пакуль не скажу, але гэта будзе бомба! Усім конкурсантам перш за ўсё раю не хвалявацца і максімальна быць на пазітыве. Галоўнае — сабрацца і паказаць усё, што ўмееш, чаму навучылі педагогі і бацькі. І не

трэба баяцца няўдач. Важна ўмець прызнаваць памылкі, ісці далей і перамагаць.


"СБ".