Завышэнне кошту прыватызаванага жылля ў Віцебскай вобласці ў 2013-2014 гадах склала больш за Br1,2 млрд

Завышение стоимости приватизируемого жилья в Витебской области в 2013-2014 годах составило более Br1,2 млрд

Агульная сума завышэння кошту прыватызаванага жылля ў Віцебскай вобласці ў 2013-2014 гадах, па даных вынікаў пракурорскіх праверак, склала больш за Br1,2 млрд. Гэтыя лічбы агучаны сёння на сумеснай калегіі пракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці на тэму выканання патрабаванняў заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выбарачныя праверкі пракуратуры, якія ахапілі каля тысячы матэрыялаў, устанавілі факты завышэння кошту жылля на агульную суму больш за Br1,2 млрд і заніжэння - каля Br800 млн. У першым выпадку гэта невыкананне інтарэсаў грамадзян, у другім - шкода дзяржаве. А ўсяго за 2013-2014 гады мясцовымі выканаўчымі органамі выдадзена больш за 31 тыс. дазволаў на прыватызацыю аб'ектаў нерухомасці. То бок па факце няправільных разлікаў можа аказацца значна больш", - сказаў пракурор вобласці Генадзь Дыска.

Да заканчэння тэрміну, калі грамадзяне могуць прыватызаваць жыллё, застаецца крыху больш за год, і ажыятаж з боку насельніцтва на правядзенне дадзенай працэдуры не спадае. Супрацоўнікі пракуратуры, а таксама КДК з канца 2013 года праводзяць мэтанакіраваны кантроль за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы. Удзельнікі калегіі адзначылі, што праца ацэначных камісій пры выканкамах у шэрагу выпадкаў носіць фармальны характар. Гэта пацвярджаюць і кантрольныя праверкі, падчас якіх выяўляюцца ўсе тыя ж парушэнні, што мелі месца раней. То бок некаторыя выканкамы і арганізацыі не выпраўляюцца нават пасля ўнясення прадпісанняў і даручэнняў, прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці.

Як адзначыла начальнік аддзела па выкананні заканадаўства і законнасці прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласці Ірына Януковіч, устанаўліваюцца такія факты, як няправільная ацэнка кошту жылья, парушэнне тэрмінаў разгляду зваротаў і прыняцця рашэння аб дазволе прыватызацыі, парушэнні пры афармленні праваўстаноўчых дакументаў, адсутнасць кантролю за паступленнем грашовых сродкаў ад прыватызацыі, непрыняцце мер па фактах пратэрміноўкі плацяжоў, адчужэнне аб'ектаў нерухомасці, якія не падлягаюць прыватызацыі, і іншыя. "Па выніках праверак 2014 года і кантрольных, якія яшчэ працягваюцца, унесена 25 прадстаўленняў, апратэставана больш за 25 рашэнняў выканкамаў, 38 службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці", - дадала Ірына Януковіч.

У выніку фармальнага стаўлення некаторых службовых асоб да выканання службовых абавязкаў у 2014 годзе больш чым у 2 разы (з 101 да 211) узрасла колькасць зваротаў грамадзян аб парушэннях заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканняў, многія з якіх аказаліся абгрунтаванымі. Акрамя таго, колькасць адміністрацыйных скаргаў на рашэнні выканкамаў аб прыватызацыі жылля ўзрадсла больш чым у 6 разоў (з 48 да 316).

"Мясцовыя органы ўлады часта перакладаюць свае функцыі на арганізацыі ЖКГ. Работай па прыватызацыі ў іх, як правіла, займаецца адзін спецыяліст. Пры адсутнасці кантролю з боку выканкама і ўзнікаюць парушэнні. Мы будзем ставіць пытанне аб неабходнасці аказання метадалагічнай дапамогі на ўзроўні аблвыканкама, упраўлення ЖКГ", - растлумачыла начальнік аднаго з упраўленняў Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці Наталля Нікіфарава.

Наконт ацэнкі кошту жылья Ірына Януковіч адзначыла яшчэ адзін фактар. "Віцебскі гарвыканкам пры вызначэнні каэфіцыента якасці навакольнага асяроддзя кіруецца рашэннем, прынятым у 1992 годзе, у якое па сённяшні дзень не ўносілася ніякіх змен. Але за гэты час інфраструктура разраслася, у новабудоўлях зусім іншае забеспячэнне. Ці мэтазгодна прымяняць той састарэлы каэфіцыент?" - адзначыла яна. У ходзе сумеснай калегіі "Аб выніках нагляду і кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства пры прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жылога фонду і іншым іх распараджэнні" ўдзельнікі вызначалі шляхі вырашэння гэтай і іншых праблем. Намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Дзіулін падкрэсліў, што за ігнараванне патрабаванняў заканадаўства будзе жорсткі попыт у адносінах усіх адказных асоб, кожнага члена ацэначных камісій.

Кацярына Князева