Захаранне непрыдатных пестыцыдаў плануюць ліквідаваць у Віцебскай вобласці
26 кастрычніка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя шукае інвестараў для рэалізацыі праекта па ліквідацыі Гарадоцкага пахавання непрыдатных пестыцыдаў (Віцебская вобласць), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва і інфармацыі міністэрства Аляксандр Рачэўскі.
Навукоўцы ўжо падрыхтавалі праектную прапанову па праекце. Эколагі плануюць знайсці партнёра для яго выканання падчас перамоваў з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый. Неабходнасць ліквідацыі Гарадоцкага пахавання абумоўлена небяспекай забруджвання шкоднымі рэчывамі падземных вод. "Па апошніх даных навукоўцы падчас даследаванняў выяўляюць сляды пахавання ў прыродных экасістэмах, таму наша задача - знайсці партнёраў для таго, каб ліквідаваць яго", - сказаў суразмоўца.
Аляксандр Рачэўскі нагадаў, што ў найбліжэйшы час у Беларусі будзе рэалізаваны праект па ліквідацыі Слонімскага пахавання непрыдатных пестыцыдаў, што дазволіць значна палепшыць экалагічную абстаноўку ў рэгіёне. Работы будуць праведзены пры падтрымцы Сусветнага банка.
Гарадоцкае пахаванне непрыдатных пестыцыдаў пабудавана ў 1973 годзе. Пестыцыды ўкладзены ў траншэі глыбінёй 2 м. Агульная маса пахаваных ядахімікатаў ацэньваецца ў 411,4 т, у тым ліку 1-га класа - 43,6 т, 3-га класа - 130,1 т, 4-га класа - 237,7 т. Доля маланебяспечных пестыцыдаў - 58%, высоканебяспечных - 10%. Каля паловы рэчываў, што захоўваюцца ў пахаванні, складаюць хларарганічныя пестыцыды.
У пахаваннях непрыдатных пестыцыдаў утрымліваюцца ўстойлівыя арганічныя забруджвальнікі - першасныя і пабочныя прадукты прамысловасці. Яны ўяўляюць сабой малалятучыя хімічна трывалыя злучэнні, якія могуць заставацца ў навакольным асяроддзі на працягу доўгага часу, не падвяргаючыся раскладанню. Такія рэчывы назапашваюцца ў тлушчавых тканінах жывёл і чалавека. Пры гэтым нават малыя канцэнтрацыі некаторых устойлівых арганічных забруджвальнікаў могуць прыносіць істотную шкоду, прыводзячы да развіцця хвароб імуннай і рэпрадуктыўнай сістэм чалавека, ракавых захворванняў. Для аховы навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека ад уздзеяння УАЗ уступіла ў дзеянне Стакгольмская канвенцыя аб устойлівых арганічных забруджвальніках. У спіс УАЗ гэтай канвенцыі, акрамя пестыцыдаў, дыяксінаў і фуранаў, уключаны поліхлараваныя біфенілы, якія на працягу доўгага часу вырабляліся і прымяняліся ў многіх краінах свету практычна без абмежаванняў і кантролю за іх абаротам. Беларусь афіцыйна далучылася да канвенцыі ў 2004 годзе.-0-