«Зажынкі» ў «Задняпроўскім»: у Віцебскай вобласці дадзены старт уборачнай кампаніі

«Зажынкi» в «Заднепровском»: в Витебской области дан старт уборочной кампании
Старт уборачнай кампаніі на Віцебшчыне дадзены ў Аршанскім раёне. На полі сельгаспрадпрыемства «Задняпроўскі» з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва, памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча 24 ліпеня прайшло абласное свята «Зажынкі».

Папярэднічала мерапрыемству нарада ў Аршанскім райвыканкаме з кіраўнікамі раёнаў, Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», аграпрамысловых аб’яднанняў.

— Такога высокага ўраджаю ў Віцебскай вобласці за апошнія гады не было, — сказаў Мікалай Шарстнёў. — Мы павінны мабілізавацца, каб сабраць усё да зярнятка. Сельскагаспадарчы год кароткі. Здаецца, нядаўна толькі скончыліся вясновыя работы, а ўжо зернеўборачныя камбайны выходзяць у палі. Ураджай хлеба вызначае ўзровень жыцця: чым больш хлеба, тым багацей родны край.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што працу сяляніна сёлета надвор’е не сапсавала.

 — І трэба падрыхтаваць вялікі задзел на наступны год, бо да такога ўраджаю ішлі даўно, — дадаў ён. — Зробім усё магчымае, каб хлеб прыбраць у час і якасна.

У бягучым годзе ў Віцебскай вобласці трэба прыбраць 391 тыс. га збожжавых і зернебабовых культур. Гэта на 9% больш, чым у 2019-м. Найбольшую ўдзельную вагу ў структуры збожжавага кліну мае пшаніца — 151 тыс. га, ячменю адведзена 70 тыс. га, зернебабовым — больш за 52 тыс. га і каля 47 тыс. га — жыта. Масавую ўборку хлеба ў рэгіёне плануюць пачаць у першых чыслах жніўня.

Чакаюць добрага ўраджаю на Дубравеншчыне.

 — Мы цалкам гатовыя да ўборачнай кампаніі, — запэўніў старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. — Завяршылі ўборку азімага рапсу з намалотам 5,5 тыс. тон, атрымалі больш за 500 тон сурэпіцы. Выцярэбілі лён на 1 тыс. га. Дубровенскі раён атрымаў летась 100 тыс. тон збожжа. І сёлета віды на ўраджай добрыя. Будзем спадзявацца, што надвор'е, тэхніка і аграрыі не падвядуць.

Высокі патэнцыял і ў Талачынскага раёна.

 — Бачачы ўжо атрыманыя вынікі, уклад усіх, пачынаючы ад кіраўнікоў, спецыялістаў да працаўнікоў палёў, можна казаць, што ўраджай сёлета сфарміраваны значна вышэй за ўзровень мінулага года, — адзначыў старшыня Талачынскага райвыканкама Алег Лындын. — Жніво пакажа, наколькі вышэй і нашу здольнасць справіцца з такімі складанымі задачамі ў кароткі тэрмін. Ёсць падставы меркаваць, што каравай-2020 будзе важэйшы за леташні.

 — Плануем перад масавым пачаткам жніва пашырыць парк новымі камбайнамі, — дадаў ён. — Сёння нагрузка на збожжаўборачны камбайн — парадку 350 га. Прыкладзем максімум намаганняў, каб ураджай, які вырашчаны, быў убраны своечасова і без страт.

Тое, што «Зажынкі» прайшлі на палях Аршаншчыны, не выпадкова. Рэгіён — адзін з лідараў па намалоце ў Віцебскай вобласці. Штогод тут убіраюць з палёў больш за 100 тыс. т. збожжа.

Для Сяргея Грэкава з Аршанскага КХП гэта жніво — 37-е па ліку. Камбайнёр — неаднаразовы пераможца абласных спаборніцтваў і ўдзельнік «Дажынак». Да таго ж мудры настаўнік, які дзякуючы свайму досведу і ведам навучыў не адно пакаленне камбайнёраў.

 — Сёлета палі ўжо спрабавалі, ураджайнасць больш за 50 ц/га, — расказаў Сяргей Грэкаў журналістам. — Усё залежыць ад надвор'я, але важна, каб у гэты час людзі добрасумленна ставіліся да працы, і тады ўсё будзе атрымлівацца.

У Аршанскім раёне народны абрад «Зажынкі» падтрымліваюць з году ў год. Пачатак збору ўраджаю – свайго роду таінства, таму яго сакрэтамі старэйшае пакаленне дзеліцца з моладдзю. І няхай сённяшні працэс уборкі хлеба цалкам механізаваны, захоўваючы абрад, у поле першымі выйшлі жняі і ўручную сярпом зрэзалі саспелыя коласкі. Агульны першы сноп з іх рук прыняў Мікалай Шарснёў. А затым, па стародаўняй традыцыі нашых продкаў, узяўся за касу. Да яго далучыліся Анатоль Ліневіч, старшыні райвыканкамаў вобласці. Акрапленыя святой вадой і дабраслаўлёныя на працу збожжаўборачныя машыны ў канцы свята выехалі ў поле.

Уборачная кампанія — галоўны экзамен для аграрыяў. За жнівень трэба выканаць велізарны комплекс работ: убраць збожжавыя, салому з палёў, узараць і падрыхтаваць плошчы пад сяўбу крыжакветных, азімых збожжавых і інш. Іншымі словамі, павінна быць поўная мабілізацыя ўсіх сіл. Пра гэта ішла размова на папярэднім «Зажынкі» нарадзе.

— Мы павінны закласці моцную аснову на будучыню. І стаўку неабходна рабіць на азімыя культуры. Яны павінны складаць у структуры збожжавых не менш за 70%, — падкрэсліў Мікалай Шарснёў.

Анатоль Ліневіч у сваю чаргу яшчэ раз нагадаў, што ўборка ўраджаю — гэта адказны перыяд. Дакладнае выкананне ўсіх тэхналагічных працэсаў, надзейная тэхніка і баявы дух усіх задзейнічаных у жніве — важныя складнікі паспяховай працы на палях.

На нарадзе ішла размова і пра ўраджай 2021 года, тонкасцях аграрнай справы, тэхналогіях, дэталях, на якія трэба звярнуць увагу.

 — Мы ўжо сёння павінны планаваць аб’ём працы на наступны год, — сказаў Мікалай Шэрстнёў, — падымаць больш высокую планку, арыентаваць аграрыяў Віцебшчыны на зусім іншыя лічбы, а менавіта, атрымліваць не менш за 1,5 млн тон збожжа. У нас самая нізкая шчыльнасць жывёлы, а земляў больш, чым у іншых абласцях. Трэба эфектыўна іх выкарыстоўваць. Па тым прагнозе, які можна рабіць ужо цяпер, патрэбы жывёлагадоўлі будуць задаволены, дзяржзаказ выканаем, насеннем сябе забяспечым у поўным аб’ёме. Але хацелася б атрымаць і экспартны складнік — гэта наша грашовая падтрымка ў зімовы час.

"Віцебскія весці". Фота "Віцебскія весці", "Аршанская газета", БЕЛТА.