Запальванне факела і забег спартсменаў. У Віцебску адзначылі Дзень герба і сцяга
Дзяржаўныя сімвалы — гэта гісторыя і будучыня краіны, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.
Як падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні суайчыннікам, гэтыя сімвалы напоўнены не толькі доблесцю і гераізмам, але з'яўляюцца візітнай карткай міралюбнай палітыкі Беларусі, чый аўтарытэт бясспрэчна прызнаны на міжнароднай арэне.
Па традыцыі галоўнай падзеяй свята ў вобласці стаў забег у цэнтры Віцебска. Праслаўленыя спартсмены — нашы землякі — стартавалі з плошчы Перамогі, дзе запалілі факел ад Вечнага агню на мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.
Трымаючы ў руках факел і сцяг Беларусі, група бегуноў накіравалася па Маскоўскім праспекце да памятнага знака «Ордэн Перамогі», які знаходзіцца каля ВДУ імя П. Машэрава.
Мінакі сустракалі іх адобральнымі ўсклікамі, а аўтамабілісты сігналілі.
Ля стэлы адбыўся мітынг, на якім прысутнічалі ветэраны і навучэнцы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і органаў улады, у тым ліку старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белявіч. Уладзімір Іосіфавіч адзначыў, што беларусы на працягу сваёй гісторыі сутыкаліся з сур'ёзнымі выпрабаваннямі, але кожнае з іх яны вытрымалі годна, таму што былі адзіныя. Сцяг і герб — гэта памяць аб згуртаванасці нашых продкаў і арыенцір для будучых пакаленняў.
Таксама ўрачыстыя мерапрыемствы прайшлі ў раёнах, арганізацыях і на прадпрыемствах, у воінскіх часцях. Так, у 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгадзе ў гонар свята правялі агульнавайсковую вечаровую праверку. У час яе камандзіры яшчэ раз нагадалі салдатам пра значэнне дзяржаўных атрыбутаў і гісторыю іх узнікнення.