Будынак былой крамы «Віцебскія прадукты» прададзены на аўкцыёне
Чарговы паўторны аўкцыён па продажы былой крамы ААТ «Віцебскія прадукты», прызначаны на 4 кастрычніка, аказаўся выніковым. Прэтэндэнты на гандлёвы аб'ект па Маскоўскім праспекце, 16 з'явіліся, калі пачатковы кошт нерухомасці быў зніжаны на 50% і склаў амаль 490 тыс. рублёў.
Патаргавацца за ізаляванае памяшканне (плошча 798,5 кв. м) вырашылі два ўдзельнікі аўкцыёну, арганізаванага ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу». Зрэшты, ужо на першым кроку аўкцыёніста вызначыўся новы ўласнік, які аказаўся гатовы заплаціць больш за 512,1 тыс. рублёў. Паясняць перспектывы выкарыстання пакупкі пераможца ўстрымаўся.
Дадамо, што напярэдадні не адбыўся аўкцыён яшчэ па адным гандлёвым аб'екце «Віцебскіх прадуктаў» па Маскоўскім праспекце, 64 (плошча больш за 1,2 тыс. кв. м). Яго пачатковы кошт таксама зніжаны на 50% і складае амаль 875 тыс. рублёў.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».