Будынак капліцы XIX стагоддзя ў Віцебску прададзены на аўкцыёне за Br57 тыс.

Будынак былой капліцы ў Віцебску прададзены сёння на аўкцыёне за Br57 тыс., што больш чым у 2,1 тыс. разоў перавысіла пачатковы кошт. Пра гэта паведамілі ў камітэце "Віцебскаблмаёмасць", які выступіў арганізатарам таргоў.

Аб'ект прыцягнуў рэкордную для аўкцыёнаў "Віцебскаблмаёмасць" за апошнія 20 гадоў колькасць удзельнікаў: цікавасць да яго праявілі 14 патэнцыйных пакупнікоў. Пераможцу ўдалося выявіць на 68 кроку аўкцыёніста. Новым уласнікам стала прыватная кампанія з абласнога цэнтра, якая спецыялізуецца на інжынерным суправаджэнні будаўнічай дзейнасці. Па словах яе прадстаўніка, будынак плануецца рэканструяваць пад офіснае памяшканне, пры гэтым уладальнік мае намер цалкам захаваць архітэктурную форму і каляровую гаму.

Па дадзеных камітэта, капліцу пабудаваў у 1859 годзе віцебскі землеўладальнік Сцяпан Дунін-Сляпцоў. У 1939 годзе будынак рэканструявалі і надбудавалі другі паверх. Да нядаўняга часу аб'ект знаходзіўся на балансе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.П.Машэрава.

У лот уключана двухпавярховая пабудова плошчай 135 кв.м з падвалам, прыбудовай і агароджай, а таксама зямельны ўчастак 0,1026 га, які перадаецца ў арэнду на 25 гадоў. Будынак выстаўляўся на таргі пяты раз з пачатковым коштам продажу 1 БВ (Br27).

Па выніках аўкцыёну сёння таксама прададзены артэзіянская свідравіна ў Лёзненскім раёне на мяжы з Расіяй, каля аўтамабільнай дарогі Р21 (яе новым уладальнікам стала прыватная кампанія з Лёзна), і былое пажарнае дэпо ў аграгарадку Мацюшы Полацкага раёна, якое набыла прадпрымальніца з Наваполацка. Абодва аб'екты выстаўляліся за адну базавую велічыню.

Па дадзеных "Віцебскаблмаёмасць", з пачатку года на таргах камітэта прададзена 15 аб'ектаў на агульную суму больш Br192 тыс. Найбольшай папулярнасцю сярод патэнцыйных пакупнікоў карыстаюцца аб'екты, якія выстаўляюцца на таргі за 1 БВ (прададзена восем збудаванняў), а таксама са зніжэннем пачатковага кошту на 80% (шэсць пабудоў).

БЕЛТА.