Будынак Нацбанка ў Віцебску рэканструююць пад размяшчэнне судоў Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў
Для рэалізацыі праекта пяціпавярховы будынак агульнай плошчай каля 7,7 тыс. кв. м перададзена ў аператыўнае кіраванне абласному суду. Згодна з заданнем на праектаванне на другім паверсе прадугледжваецца размясціць 7 залаў для слухання крымінальных спраў адначасовай умяшчальнасцю не больш за 49 чалавек, а таксама 4 залы для судовых пасяджэнняў па грамадзянскіх справах (не больш за 20 чалавек). Дарэчы, па гэтым адрасе захаваюць прапіску супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці (звыш 70 чалавек) і аптымізаваны штат абласнога ўпраўлення Нацбанка (больш за 20 спецыялістаў). Частка памяшканняў будзе здавацца ў арэнду. Гранічны кошт будаўніцтва зыходзячы з бюджэту праекта, вызначанага інвестарам, складае 9 млн рублёў.
На прылеглай да аб'екта тэрыторыі ўнутранага двара трэба будзе арганізаваць грамадскую, службовую і спецыяльную зоны. У грамадскай зоне прадугледжаны месцы чакання для наведвальнікаў, у службовай – зона адпачынку, месца для курэння, пляцоўка для збору смецця.
Спецыяльная зона прымыкае да запраектаванага спецыяльнага ўваходу ў будынак судоў для дастаўкі абвінавачаных. Тут будзе арганізавана стаянка для спецаўтатранспарту на час правядзення судовага працэсу. Гэты ўчастак павінен быць абсталяваны суцэльнай цаглянай агароджай вышынёй 3 м з прыладай над ім проціпабегавых рашотак са сталёвых стрыжняў. З асаблівых патрабаванняў да інжынерных сетак — арганізацыя двух контураў відэаназірання: конвойнай зоны з вывадам сігналу ў кабінет начальніка канвою і конвойнае памяшканне, а таксама грамадскай зоны па ўсім будынку, адсочваць абстаноўку ў якой можна будзе на пасту аховы.
Пад'езд да спецыяльнай зоны не атрымаецца выканаць аўтаномным, таму ён будзе сумяшчацца з унутрыдваровым праездам дома №14 па вул. «Праўды». У службовую зону можна будзе праехаць праз тэрыторыю размешчанага па суседстве дома №12. Размяшчэнне асабістага транспарту работнікаў і наведвальнікаў прадугледжваецца на існуючай паркоўцы па вул. Леніна.
Дадамо, што зараз праходзіць грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб'екце «Рэканструкцыя адміністрацыйнага будынка па вул. Леніна, д. 17, для забеспячэння судовай дзейнасці», якое завершыцца 27 лістапада.