Будынак сельсавета ў Віцебскім раёне прададзены. Першапачатковы кошт – базавая велічыня

Административны будынак сельскага Савета, размешчаны ў в. Вялікія Лётцы Віцебскага раёна, быў прададзены на аўкцыёне за базавую велічыню.

Да канца 1990-х тут размяшчаўся сельскі Савет дэпутатаў, затым да 2017 года тут было паштовае аддзяленне, а апошнія 3 гады будынак не выкарыстоўваўся.

На цану ў адну базавую велічыню прэтэндавала 4 пакупнікі. У ходзе таргоў, на 60-м кроку аўкцыёну, будынак сельскага Савета разам з ацяпляльным абсталяваннем быў прададзены за 13784 руб. фізічнай асобе, жыхару Віцебска. Новы ўласнік плануе пасля рэканструкцыі выкарыстоўваць аб'ект пад жыллё.