«Тут хочацца працаваць і жыць». Што змянілася ў Аршанскім раёне за 2019 год?
А за мінулы год зроблены яшчэ адзін важны крок у гэтым напрамку – рэалізаваны пілотны праект па ўкараненні ўдасканаленай сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Аршанскага раёна. Ён стартаваў у рамках пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №46 ад 22 студзеня 2019 года.
Час перамен
Мабыць, адна з самых важных сфер жыццядзейнасці – жыллёва-камунальная.
У Оршы запрацавала аўтаматызаваная сістэма «Дыспетчарская служба». Па кароткім нумары 115 можна пакінуць заяўку па любых пытаннях ЖКГ.
Цалкам выкананы нарматыў абслугоўвання па сацыяльным стандарце №1 «Наяўнасць сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння, якая забяспечвае вадой пітной якасці грамадзян, якія пражываюць у аграгарадках».
З уводам у эксплуатацыю станцый абезжалезвання за мінулы год якасная пітная вада прыйшла ў дамы да жыхароў населеных пунктаў Заполле, Паркавая, Новае Хорабрава, Смальяны, Высокае.
Пабудаваны сеткі водаправода ў Высокім, Лемне, Казловічах-1. Удзельная вага асветленых вуліц у рэгіёне складае 94,6% пры нарматыве не менш за 90%, вуліц з удасканаленым пакрыццём – 65,1% пры нарматыве 65%.
Праведзены работы па замене аўтобусных павільёнаў, ліфтоў. Пасля рамонту адкрыліся грамадскія лазні ў Оршы, Барані, Балбасаве, Бабінічах, Арэхаўску.
Нямала станоўчых перамен і ў сферы гандлёвага абслугоўвання. У 2019 годзе адкрыты крамы ТАА «Еўрагандаль» у вёсках Андрэеўшчына, Магераўка, Загарадная, Дачная.
У 31 з 35 населеных пунктаў функцыянуюць крамы, у чатырох абслугоўванне ажыццяўляецца стацыянарнымі гандлёвымі аб'ектамі, а таксама дадаткова аўтапавільёнамі ТАА «Еўрагандаль» тры разы на тыдзень.
У горпасёлку Балбасава з'явіліся фірменны магазін «Марка», кафэ «Авіятар». Нямала аб'ектаў грамадскага харчавання зарабіла і ў самім горадзе на Дняпры.
– Мы вельмі задаволеныя пераменамі, якія адбываюцца, – не хавае радасці маладая мама з Балбасава Галіна Шчарбіцкая. – Наш горпасёлак цяпер не пазнаць. Тут прыемна жыць і працаваць, прымаць гасцей. Якасць – ва ўсім. Пачынаючы ад пітной вады, як з крыніцы, і заканчваючы добраўпарадкаванымі дварамі, вуліцамі, паркамі, дарогамі, развітой інфраструктурай. У нас ёсць усё неабходнае для камфортнага жыцця. Дзякуй, што звярнулі на Аршанскі раён такую пільную ўвагу.
Ёсць чым пахваліцца і жыхарам аграгарадка Борздаўка. Тут у верасні мінулага года пасля рэканструкцыі адкрыўся абноўлены цэнтр адукацыйных, культурных і сацыяльных паслуг. Цяпер пад адным дахам – фельчарска-акушэрскі пункт, пошта, бібліятэка, спартыўная і актавая залы, танцавальны клас, кабінет хатняй гаспадаркі, майстэрні для навучэнцаў школы-сада.
Дапамагчы ў вырашэнні праблемы і стварыць камфортныя ўмовы для кожнага чалавека – задача сацыяльнага праекта «Мабільны паштальён», які запусціў у 2019 годзе Аршанскі рэгіянальны вузел паштовай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белпошта».
Цяпер аформіць падпіску і аплаціць паслугі жыхары самых аддаленых вёсак могуць пры дапамозе мабільнага прылады. Гаджэтамі ўзброілі і паштальёнаў.
Асабліва гэта ацанілі там, дзе няма паштовых аддзяленняў і банкаў, а да найбліжэйшага інфакасіра не адзін дзясятак кіламетраў.
У аддзяленні сувязі «Барань» сталі ажыццяўляцца адміністрацыйныя працэдуры па прынцыпе «адзінае акно». Пасля рамонту адкрыты аддзяленні паштовай сувязі на вуліцы Івана Флёрава і на праспекце Тэкстыльшчыкаў.
Забяспечана выкананне ўсіх сацыяльных стандартаў у галіне транспарту. У раёне захоўваецца нарматыў наяўнасці аўтастанцый (аўтакас) для абслугоўвання пасажыраў аўтобусных маршрутаў.
Адкрыты рух па пад'язной дарозе Р15 Крычаў – Орша – Лепель да аўтамабільнай дарогі Р76 Орша – Шклоў – Магілёў. Па горадзе курсуюць новыя камфартабельныя пасажырскія аўтобусы «Нёман», а на цэнтральных прыпынках запрацавалі электронныя табло.
З клопатам пра людзей
Цалкам забяспечана выкананне нарматываў у галіне сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна.
Маштабная праца па ўкараненні ўдасканаленай сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў праведзена ў сферы аховы здароўя. З мэтай забеспячэння стапрацэнтнага доступу да паслуг тэлемедыцыны ўстановы аховы здароўя Аршанскага раёна аснашчаны неабходным лячэбна-дыягнастычным абсталяваннем у адпаведнасці з узроўнем і аб'ёмамі медыцынскай дапамогі, якая аказваецца. Ажыццяўляецца перадача інфармацыі з выкарыстаннем тэлемедыцынскіх тэхналогій. Ужо паказалі сябе ў дзеянні сістэмы «электронны рэцэпт», «электронны талон». Набыты новыя машыны хуткай і неадкладнай дапамогі. Укаранёны высокатэхналагічныя метады абследавання, істотна пашырыўся спектр паслуг.
У раёне працуе перасоўны медыцынскі комплекс для выяўлення раку малочнай залозы. Толькі за мінулы год абследавана 3524 сельскія жанчыны.
Важнай падзеяй для рэгіёна стане урачыстае адкрыццё 40-кватэрнага арэнднага дома для медыцынскіх работнікаў у в. Андрэеўшчына, пабудаванага ў рамках Указа Прэзідэнта №506.
– Гэта вялікае шчасце – атрымаць ключ ад запаветнай кватэры, – кажа ўрач-інтэрн-тэрапеўт Святлана Гарбачэўская. – Я прыехала вучыцца ў Беларусь з расійскага Туапсэ, тут пазнаёмілася з будучым мужам-аршанінам. Цяпер маёй другой радзімай стала Орша. Тут удваіх праходзім інтэрнатуру ў бальніцы ім. Семашкі, жывём у бацькоў мужа. А на наступным тыдні пераедзем ва ўтульную новенькую аднапакаёвую кватэру. У Оршы сапраўды хочацца жыць і працаваць!
Вучоба – святло
Усебаковае развіццё, фінансавая пісьменнасць і прафарыентацыя моладзі – адны з галоўных задач сістэмы адукацыі. І тут на дапамогу прыходзяць рэсурсныя цэнтры. Нядаўна адзін такі – машынабудавання – адкрылі пры Аршанскім механіка-эканамічным каледжы. Цэнтр аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, прататыпы якога выкарыстоўваюцца на вядучых сусветных заводах. Тут вучаць ствараць праграмы, якія даюць каманды станкам-робатам, кіраваць складанай тэхнікай і нават вырабляць дробнасерыйную прадукцыю. Навучацца змогуць і дзеці профільных каледжаў краіны, а спецыялісты заводаў – праходзіць перападрыхтоўку.
– Праведзена вялікая работа па мадэрнізацыі камп'ютарнага парку ўстаноў адукацыі, – кажа начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі. – Доля камп'ютараў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, складае 76% пры нарматыве 70%.
У 2019 годзе ўпраўленнем для ўстаноў адукацыі набыта камп'ютарная тэхніка на суму 200 тысяч рублёў. А ў снежні мінулага года галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у 39 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Аршанскага раёна было пастаўлена 94 персанальных камп'ютары на суму 138 тысяч рублёў.
Характэрна, што нарматыў забяспечанасці навучэнцаў спартыўнымі збудаваннямі выконваецца з перавышэннем устаноўленага амаль у восем разоў. З верасня 2019 года пачала функцыянаваць спартыўная пляцоўка ў сярэдняй школе №18 г. Барані.
Паляпшаецца і матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры, ахоп сельскага насельніцтва паслугамі і мерапрыемствамі.
Няма сумненняў, што комплексная рэалізацыя ўсіх праектаў і планаў робіць жыццё аршанцаў лепшым, камфортнейшым. І ўкараненне ўдасканаленай сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў таму прыклад. Рэгіён да 2023 года – у рэжыме асаблівага функцыянавання. Ён лакмусавая паперка для ўсёй краіны. І давесці аршанскую перазагрузку да станоўчага фіналу – справа гонару.