Ахова здароўя і аднаўленне помнікаў: Сяргей Леўковіч правёў асабісты прыём у Дубровне
– Сёння, на здзіўленне, не было пытанняў, звязаных з працай ЖКГ, дарожным будаўніцтвам, – адзначыў памочнік Прэзідэнта. – Аднак узнімаліся праблемы не менш важныя для нашай дзяржавы, нашых людзей. Што тычыцца медыцынскага абслугоўвання – шмат спрэчных момантаў, не ўсе грамадзяне задаволены працай урачоў.
Хоць, на мой погляд, трэба разумець, што медыкі таксама людзі і ніхто не застрахаваны ад недакладнасцей. Але я сёння не ўбачыў ніякіх вялікіх памылак, якія прывялі б да непапраўных наступстваў. Усе пытанні, якія былі ўзняты, будуць дадаткова вывучаны. У сваю чаргу хочацца параіць людзям менш чытаць лішнюю інфармацыю ў інтэрнэце і займацца самалячэннем. Гэта дакладна не прыносіць ніякай карысці і фізічнага здароўя. Трэба спадзявацца на меркаванне спецыялістаў, асабліва, калі яно кансалідаванае. Акрамя таго, разгледзелі пытанне ўтрымання воінскіх пахаванняў. Радуе тое, што ў нас ёсць неабыякавыя людзі, якія сочаць за імі, звяртаюць увагу на гэтыя моманты. Тым не менш трэба разумець, што помнікаў у нашай краіне вельмі шмат, у тым ліку такіх, якія былі пабудаваны адразу ў пасляваенныя гады, і часта з гадамі яны прыходзяць у непрывабны стан. Таму некаторыя скульптуры, пліты дэмантуюцца і на іх месца ўсталёўваюцца новыя, нават цэлыя мемарыяльныя комплексы. І, што немалаважна, у гэтым удзельнічае вялікая колькасць неабыякавых людзей. У Дубровенскім раёне і ў цэлым у Беларусі надаецца гэтаму велізарная ўвага.