Ахова здароўя Віцебшчыны: пачатыя будоўлі будуць завершаны, у Білева з'явіцца паліклініка, а зарплату медыкаў павялічаць

Здравоохранение Витебщины: начатые стройки будут завершены, в Билево появится поликлиника, а зарплату медиков увеличат

Узровень сучаснай медыцыны не параўнаць з тым, што быў пяць-дзесяць гадоў таму. Гэтая галіна не стаіць на месцы. Сёння ў нашым распараджэнні мадэрнізаваныя ўстановы аховы здароўя, аснашчаныя высокатэхналагічным абсталяваннем, кваліфікаваныя ўрачы. Пры гэтым захоўваецца важны крытэр – бясплатная медыцына. Усё гэта – вынік правільна выбранай стратэгіі развіцця галіны ў 2010-2013 гадах. Што яшчэ трэба ажыццявіць да 2015 года, каб завяршыць мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя, абмеркавалі на чарговым пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама.

Пра тое, якія сур'ёзныя крокі зроблены па развіцці медыцыны ў рэгіёне, праўдзіва сведчаць лічбы: за тры гады на будаўніча-мантажныя работы затрачана 644 млрд руб., на аснашчэнне толькі ў 2013 годзе – 125,3 млрд. руб. Гэта значыць, мадэрнізацыя медыцынскіх устаноў, як адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, не стыхійная з'ява, а планамерны мэтанакіраваны працэс. Кожны год у абласным бюджэце прадугледжваюцца сродкі на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя, укараненне інавацыйных тэхналогій, што ў выніку дазваляе ўмацаваць здароўе людзей і працягнуць іх жыццё.

Як паведаміў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, за тры пазначаныя гады са 105 аб'ектаў, будаўніцтва, рэканструкцыя, капітальны рамонт якіх былі запланаваны да 2010 года (некаторыя з іх знаходзіліся ў якасці доўгатэрміновых будоўляў 15-20 гадоў), уведзены ў эксплуатацыю 84. Са 173 аб'ектаў, запланаваных пасля 2009 года, уведзены 155, прычым 15 з іх з устаноўкай высокатэхналагічнага, дарагога абсталявання.

У 2010 годзе асноўныя сродкі былі накіраваны на сельскія ўстановы аховы здароўя: усяго было ўведзена 76 аб'ектаў, з іх 66 у аграгарадках. Затым акцэнт быў зроблены на павышэнне ўзроўню і пашырэнне спектру аказання медыцынскай дапамогі ў раённым звяне. Гэта дало магчымасць разгрузіць абласныя ўстановы, накіраваць намаганні на ўкараненне новых тэхналогій і методык, прыступіць да мадэрнізацыі і перааснашчэння. У выніку ўдалося значна скараціць аб'ёмы аказання дапамогі па-за рэгіёнам, гэта значыць у рэспубліканскіх цэнтрах.

– На сённяшні дзень Віцебск – клінічны горад, ён у стане выконваць любыя аб'ёмы медыцынскай дапамогі, – лічыць Аляксандр Косінец.

Шмат робіцца па мадэрнізацыі абласной клінічнай бальніцы, дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, анкалагічнага, кардыялагічнага, псіханеўралагічнага дыспансераў, устаноў аховы здароўя ў Оршы, Полацку, Наваполацку. Нагадаем, што ў 2012 годзе ўвялі ў эксплуатацыю Шаркаўшчынскую раённую бальніцу, якую жыхары рэгіёну чакалі 15 гадоў, узяліся за 25-гадовы даўгабуд – Мёрскую раённую бальніцу, якая будзе завершана ў 2015 годзе.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што трэба ўлічваць і даступнасць аб'ектаў аховы здароўя. Па-першае, каб людзям з заходніх рэгіёнаў не даводзілася ездзіць у Віцебск для правядзення больш складаных відаў дыягностыкі і лячэння, неабходна ўмацоўваць абсталяваннем і спецыялістамі міжраённае звяно. У якасці такога могуць выступіць Полацк, Наваполацк, а ў будучыні і Мёры. Па-другое, у Віцебску пабудавалі вялікі жылы мікрараён «Былева», а ўся нагрузка па аказанні медыцынскай дапамогі легла на паліклініку №3, што стварае пэўныя нязручнасці.

– Такога быць не павінна. У 2014 годзе, як бы складана ні было, мы пачнем будаўніцтва комплекснай паліклінікі ў мікрараёне Былева-2. У далейшым будзем пралічваць гэтае пытанне: так, у новым мікрараёне Лучоса разам з будаўніцтвам жылых дамоў паралельна будзе ўзводзіцца паліклініка, – адзначыў Аляксандр Косінец.

Віцебская вобласць адзіная ў краіне змагла забяспечыць выкананне сацыяльнага стандарту па колькасці ложкаў на 1000 чалавек насельніцтва, што прывяло да аптымізацыі галіны і эканоміі сродкаў. Гэта з'яўляецца дадатковым крыніцай фінансавання для сістэмы аховы здароўя, як і аказанне платных паслуг замежным грамадзянам. Дарэчы, экспарт медыцынскіх паслуг у 2013 годзе склаў 4762,2 тыс. дал. ЗША. Пазабюджэтныя сродкі накіроўваюцца на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і павелічэнне зарплаты медыцынскім работнікам. Пры гэтым губернатар падкрэсліў, што працэнт выплат урачам ад аказання платных паслуг, якія непасрэдна праводзяць прыёмы і аперацыі, павінен быць вышэй. Юрый Дзеркач адзначыў, што ў студзені 2014 года за кошт эканоміі рэсурсаў у выніку аптымізацыі галіны ўжо з'явілася магчымасць павялічыць зарплату ўсіх медыцынскіх работнікаў па кантракце на 13%.

Што тычыцца праблемы з забяспечанасцю вузкімі спецыялістамі ў райцэнтрах, то начальнік упраўлення аховы здароўя паведаміў, што многія больш вопытныя ўрачы ўжо прайшлі перападрыхтоўку і маюць як мінімум па дзве спецыяльнасці. Акрамя таго, павялічаны набор у медыцынскія навучальныя ўстановы. У цэлым гэтае пытанне да жніўня бягучага года будзе знята з парадку дня. Аляксандр Косінец заклікаў звярнуць больш пільную ўвагу на навучальную базу студэнтаў-медыкаў, даваць ім магчымасць праходзіць практыку на найноўшым абсталяванні, развіваць інавацыйнае мысленне.

На стадыі завяршэння будаўніцтва корпуса Віцебскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, лячэбнага корпуса №1 абласной інфекцыйнай бальніцы, цэнтралізаванага стэрылізацыйнага аддзялення абласной клінічнай бальніцы, тэрапеўтычнага корпуса Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, галоўнага корпуса Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. У 2015 годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю тэрапеўтычны корпус гарадской бальніцы №1 ім. Семашкі, паліклініку ў мікрараёне ЮГ-7 у Віцебску, Мёрскую раённую бальніцу. На ўсе аб'екты трэба каля 600 млрд. руб., з іх 250-300 млрд складаюць затраты на абсталяванне.

Зыходзячы з аналізу захваральнасці, на сённяшні дзень для вобласці актуальнае пытанне развіцця кардыялагічнай галіны. У сувязі з гэтым запланавана набыццё чатырох ангіяграфічных комплексаў для абласной клінічнай бальніцы, абласнога кардыялагічнага дыспансера, медустаноў у Наваполацку і Оршы. Плануецца набыццё абсталявання для дыягностыкі і лячэння парушэнняў сардэчнага рытму. У межах выканання мерапрыемстваў Дзяржаўнай комплекснай праграмы прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў на 2011-2014 гады набыта абсталяванне на суму больш за 213 млрд. рублёў, да 2015-га анкалагічны дыспансер выйдзе на ўзровень міжнародных стандартаў.

Адна з прыярытэтных задач – зніжэнне смяротнасці ад знешніх прычын, дзе актуальным з'яўляецца своечасовае аказанне меддапамогі. У гэтым плане вядзецца праца па абнаўленні аўтапарка і яго аснашчэнні. У 2012-2013 г. служба хуткай дапамогі папоўнілася 64 аўтамабілямі, з якіх 57 – «Фальксваген Крафтэр» з неабходным абсталяваннем, сучаснымі сродкамі экспрэс-дыягностыкі вострага інфаркту міякарда. У студзені Віцебшчына атрымае яшчэ 4 рэанімабілі.

Прынятыя меры дазволілі істотна павялічыць нараджальнасць і знізіць смяротнасць на Віцебшчыне, гэта значыць палепшыць дэмаграфічную сітуацыю. А ад гэтага паказчыка, як вядома, залежаць усе галіны жыццядзейнасці і стабільнае заўтра рэгіёна.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"