Землеўпарадкавальнікі Віцебскай вобласці рыхтуюцца да другога тура кадастравай ацэнкі сельгасугоддзяў

8 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Даччынае УП "Праектны інстытут Віцебскгіпразем" праводзіць падрыхтоўчыя работы для правядзення другога тура паўчастковай кадастравай ацэнкі земляў сельгас-арганізацый, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар праектнага інстытута Мікалай Шыпуля. Апошняя кадастравая ацэнка земляў сельскагаспадарчых арганізацый, сялянскіх і фермерскіх гаспадарак у Беларусі завяршылася ў 1999 годзе. Упершыню было зроблена вызначэнне балаў на кожны асобны зямельны ўчастак. Вынікі ацэнкі выкарыстоўваліся як пры разліку падаткаў, так і для пастаноўкі генеральных задач сельгасвытворцам. На яе падставе праводзіліся работы па аптымізацыі выкарыстання земляў: землі з бальнасцю менш за 20 прапаноўваліся да выключэння з выкарыстання пад ворныя землі, бо любыя затрачаныя намаганні на іх не акупляліся. Большасць земляў была перададзена пад лугі і лесапасадкі. Разам з тым за дзесяць гадоў дадзеныя састарэлі, і ўзнікла неабходнасць іх абнаўлення і ўдакладнення. Другі тур паўчастковай кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых земляў, які плануецца завяршыць да канца 2012 года, будзе спрыяць атрыманню больш дакладных дадзеных для эфектыўнага і рацыянальнага землекарыстання, растлумачыў Мікалай Шыпуля. Пачатыя падрыхтоўчыя работы ўключаюць абнаўленне наяўных і выраб новых (лічбавых) картаў на аснове матэрыялаў аэрафотаздымкі або касмічных здымкаў, удасканаленне тэхналогіі падрыхтоўкі зыходных дадзеных для паўчастковай ацэнкі земляў. Прадпрыемствам таксама складаецца ўдакладнены пералік землекарыстальнікаў - аб'ектаў ацэнкі земляў з указаннем "гісторыі" фарміравання землекарыстання. Для адпрацоўкі методыкі і тэхналогіі гэтых работ на практыцы ў бягучым годзе прадугледжваецца правесці іх апрабацыю на абнаўляемай планавай аснове.-0-