Землеўпарадкавальная служба вобласці адзначае прафесійнае свята

Землеустроительная служба области отмечает профессиональный праздник
21 лютага – Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картаграфа-геадэзічнай службы. Прафесійнае свята адзначаюць і 120 спецыялістаў Віцебшчыны, у асноўныя абавязкі якіх уваходзіць кантроль за аховай і выкарыстаннем земляў.

Па словах начальніка землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама Ігара Левянкова, у 2017 годзе з аўкцыёнаў у прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў на Віцебшчыне прададзена 160 зямельных участкаў, што на 25% больш за ўзровень 2016-га. Сёлета аблвыканкамам пастаўлена задача рэалізаваць 250 падобных надзелаў.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў шасці раёнах Віцебшчыны вызначана 211 (100 у Браслаўскім раёне) зямельных участкаў для стварэння аб'ектаў турыстычнай дзейнасці, у тым ліку агратурызму. Яны падабраны ў прывабных месцах – на берагах рэк, азёр, ля лясных масіваў. Усе ўзгоднены з кіраўніком дзяржавы, цяпер ідзе праца з патэнцыяльнымі інвестарамі.

Землекарыстальнікам у 2017 годзе выдадзена звыш 1460 прадпісанняў аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў, складзена 1194 пратаколы.

У цэлым рэгіянальнымі землеўпарадкавальнымі службамі падрыхтавана і ўнесена на разгляд выканкамаў больш за 16 тыс. праектаў рашэнняў па выманні і прадастаўленні зямельных участкаў юрыдычным і фізічным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам.

– Наша служба нацэлена на дакладнае выкананне заканадаўства і зладжаную працу з землекарыстальнікамі, райвыканкамамі, сельсаветамі па навядзенні парадку на зямлі. У Год малой радзімы разам мы павінны праявіць максімум старання па добраўпарадкаванні роднага краю, каб наша Віцебшчына стала прыгажэй за ўсіх, – адзначае Ігар Левянкоў.

"Віцебскія весці".