«Жаніць Цярэшку» будуць у Лепельскім раёне на Каляды

"Жаніцьбу Цярэшкi" па традыцыі згуляюць у Лепельскім раёне Віцебскай вобласці напярэдадні Каляд, расказала карэспандэнту БЕЛТА каардынатар рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Вольга Маханенка.

Аўтэнтычная калядная гульня "Жаніцьба Цярэшкі", якая захавалася да нашых дзён толькі на Лепельшчыне, у 2009 годзе была прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Сутнасць гульні заключаецца ў тым, каб пазнаёміць юнакоў і дзяўчат адзін з адным. Аднак гэта не простае зводніцтва, а цэлы рытуал, прызначаны прадэманстраваць дзявочую прыгажосць і юначую спрытнасць. Гульня ўключае ў сябе абавязковыя народныя танцы, жартаўлівыя песні і прыказкі, а завяршаецца ўсё вясёлым застоллем. Дарэчы, беларуская прыказка "замуж выйсці не напасць, абы замужам не прапасць" бярэ свой пачатак якраз з цярэшкіных песень. Пасля "Жаніцьбы Цярэшкі" ў вёсцы наступаў час сапраўдных вяселляў.

Заканамерна праяўляюць цікавасць да нацыянальнай каляднай гульні як айчынныя этнографы, так і замежныя. Галандскія і польскія спецыялісты вывучалі і апісвалі гэту калядную забаву, а нямецкія кінематаграфісты знялі дакументальны фільм.

Як адзначыла Вольга Маханенка, "Жаніцьба Цярэшкі" становіцца паўнавартасным турыстычным прадуктам і спрыяе развіццю турызму ў рэгіёне. "Аднак наша галоўная мэта - захаваць народную традыцыю ў першародным выглядзе", - падкрэсліла яна. Сёлета "жаніць" цярэшку будуць 6 студзеня ў сялянскай фермерскай гаспадарцы "Люкшына".

БЕЛТА