Жонка прэзідэнта Польшчы вылеціць разам з сем'ямі загінулых пад Смаленскам у найбліжэйшыя гадзіны з Віцебска

11 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самалёт з дэлегацыяй сваякоў польскіх грамадзян, якія загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка бягучага года, вылеціць з аэрапорта Віцебск у бліжэйшыя гадзіны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага філіяла РВУП па аэранавігацыйным абслугоўванні Сяргей Рурыс. Польская дэлегацыя ў складзе каля 200 чалавек на чале з жонкай цяперашняга прэзідэнта Польшчы Ганнай Камароўскай 10 кастрычніка прымала ўдзел у жалобных мерапрыемствах пад Смаленскам на месцы крушэння самалёта. Аэрапорт Віцебск стаў транзітным на шляху руху паломнікаў: сюды прыляцелі два самалёты са смуткуючымі, а затым на аўтобусах яны былі дастаўлены ў Смаленскую вобласць. Меркавалася, што вылятаць у Варшаву дэлегацыя таксама будзе праз Віцебск. Аднак падчас перадпалётнага дагляду лайнера "Боінг" экіпаж выявіў няспраўнасць мотачасткі. Па словах Сяргея Рурыса, было прынята рашэнне адзін з самалётаў, на борце якога знаходзіліся каля 80 чалавек, адправіць у Варшаву, а на замену "Боінгу", якім ляцелі сваякі загінулых, выклікаць другі самалёт. Выляцець першым рэйсам павінна была і першая лэдзі Польшчы, аднак яна прыняла рашэнне застацца з сем'ямі загінулых пад Смаленскам. У бліжэйшыя гадзіны 140 чалавек разам з Ганнай Камароўскай вылецяць на радзіму. Улады Віцебскай вобласці забяспечылі прыём, размяшчэнне і харчаванне пасажыраў. Спецыялісты аэрапорта Віцебск акажуць дапамогу ў рамонце няспраўнага самалёта.-0-