Жарабяціроўка ўдзельнікаў VIII Міжнароднага дзіцячага конкурсу пройдзе сёння ў фестывальным Віцебску

7 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жарабянне ўдзельнікаў VIII Міжнароднага дзіцячага конкурсу "Віцебск-2010" адбудзецца сёння ў горадзе на Дзвіне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Інтрыгуючая цырымонія адбудзецца ў Міжнародным прэс-цэнтры ўвечары, бо юныя зорачкі яшчэ прыбываюць у фестывальны горад. Усяго сёлета ў дзіцячым конкурсе возьмуць удзел 22 прадстаўнікі 19 краін, у тым ліку ўпершыню з Нідэрландаў і Чарнагорыі. Беларусь, Расія і Украіна - краіны-заснавальніцы фестывалю - прадставяць па два канкурсанты, астатнія - па адным. Права прадставіць Беларусь у 2010 годзе на прэстыжным конкурсе прадастаўлена салістцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя В.Г.Мулявіна Злаце Ларчанка (11 гадоў) і Ганне Зайцавай (9 гадоў), якія ўжо прадэманстравалі свае творчыя здольнасці на розных песенных фестывалях і конкурсах. Прайсці першае выпрабаванне юным талентам трэба будзе 8 ліпеня. На сцэне канцэртнай залы "Віцебск" артысты выканаюць эстрадную песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове. 9 ліпеня ўдзельнікі прадставяць кампазіцыю па ўласным выбары, якая найбольш ярка адлюстроўвае іх выканаўчае майстэрства і артыстычныя здольнасці. Па выніках двух выступленняў міжнароднае журы пад старшынствам члена Саюза кампазітараў і музыкантаў Румыніі, вядомага кампазітара Нікалая Каражыа вызначыць уладальнікаў Гран-пры, 1-й, 2-й, 3-й прэмій. Разам з ганаровымі дыпломамі і спецыяльнымі прызамі ім дастануцца $5 тыс., $3 тыс., $2 тыс. і $1 тыс. адпаведна. Імёны пераможцаў будуць агучаны 10 ліпеня на гала-канцэрце. Летась Гран-пры Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2009" заваявала Марыя з Румыніі. Першай прэміі быў удастоены прадстаўнік Украіны Андранік Алексанян, другой - беларуская канкурсантка Марыя Новік, а трэцюю падзялілі Каміле (Літва) і Анель Каршыгаева (Казахстан). Конкурс закліканы папулярызаваць дзіцячую музычную творчасць, выяўляць юных таленавітых выканаўцаў, спрыяць актывізацыі стварэння новых сучасных твораў для дзяцей і юнацтва, выхоўваць мастацкі густ юных артыстаў.-0-