Ахвярамі кляшчоў у Беларусі сталі 7 дзяцей і 5 дарослых

8 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з'явіліся першыя ахвяры кляшчоў. Ад укусаў крывасмокаў пацярпелі 12 чалавек, у тым ліку 7 дзяцей, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА энтомолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова. Прычым самыя раннія ў бягучым годзе выпадкі нападу кляшчоў зафіксаваны яшчэ ў лютым - пацярпелі 3 жыхары Брэсцкай вобласці. За сакавік "геаграфія" укусаў значна пашырылася, яна ўключыла Гродзенскую, Віцебскую, Гомельскую і Мінскую вобласці. Дарэчы, зацяжная вясна спрыяла таму, што колькасць ахвяр крыважэрных членістаногіх у тры разы меншая ў параўнанні з лютым-сакавіком мінулага года. "Звычайна пік актыўнасці іксодавых кляшчоў прыпадае на май, - сказала спецыяліст. - Але калі ў красавіку захаваецца цёплае надвор'е, то членістаногія актывізуюцца значна раней, і значыць, падчас адпачынку ў лесе ці працы на дачы трэба быць вельмі ўважлівымі". Энтомолаг перасцерагла ад ужывання ў ежу сырога казінага малака - яго абавязкова трэба кіпяціць. Нагадаем, гэта было прычынай успышкі кляшчовага энцэфаліту ў 2006 годзе. У цэлым за 2008 год ахвярамі кляшчоў у Беларусі сталі 28 тыс. 578 чалавек (у 2007-м - 31,5 тыс., у 2006-м - 35,8 тыс., у 2005-м - 16 тыс. чалавек). У мінулым годзе знізілася захворванне на кляшчовы энцэфаліт (заразіліся 67 чалавек супраць 82 у 2007-м) і Лайм-баррэліёз (у 2008 годзе захварэлі 632 чалавекі, у 2007-м - 647). "У папярэднія гады назіраўся рост колькасці выпадкаў хваробы Лайма, пры якой асабліва пакутуюць скура, нервовая і сардэчна-сасудзістая сістэмы, апорна-рухальны апарат, печань, селязёнка, - дадала суразмоўніца. - Так, у 2006 годзе было 878 выпадкаў захворвання на баррэліёз, у 2005-м - 525, у 2004-м - 515, у 2003-м - 501". Разам з тым, падкрэсліла Святлана Яшкова, неспрыяльнымі па энцэфаліце з'яўляюцца 76% тэрыторыі краіны, па хваробе Лайма - 92%. Гэта значыць, што практычна на ўсёй тэрыторыі рэспублікі выяўляліся пераносчыкі дадзеных захворванняў. Укусаў кляшчоў і звязаных з гэтым праблем для здароўя можна пазбегнуць, калі апранаць шчыльна прылягаючае адзенне і галаўны ўбор. Адкрытыя ўчасткі цела варта змазваць сродкамі, якія адпужваюць крывасмокаў. Вельмі важна праводзіць сама- і ўзаемаагляды. Пры выяўленні прысмоктанага кляшча трэба як мага хутчэй выцягнуць яго са скуры, апрацаваць ранку ёдам. Рэшткі членістаногага трэба аднесці ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі для даследавання - ён можа быць заражаны хваробай Лайма або энцэфалітам і перадаць інфекцыю чалавеку. Калі высветліцца, што кляшч быў інфікаваны, то ўрачы паліклінікі прызначаць пацярпеламу прафілактычнае лячэнне.-0-