Жыхар Чашніцкага раёна за ноч выкраў у аднавяскоўкі амаль 600 кг гарбузы

9 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жыхар Чашніцкага раёна за ноч выкраў у аднавяскоўкі амаль 600 кг гарбузы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Чашніцкім РАУС. Ураджайным выдалася сёлетняе лета для 59-гадовай жыхаркі вёскі Кругліца: гарбузы, выгадаваныя ёю на 30 сотках агарода для кармлення жывёлы, радавалі як гаспадарскі вока, так і суседскі. Не змог застацца абыякавым, гледзячы на такое багацце, і 35-гадовы аднавясковец. Вырашыўшы ўзяць з пенсіянеркі прыклад, а заадно і гарбузы, пад покрывам ночы на службовай павозцы, якая належыць мясцоваму райаграсэрвісу, мужчына прыехаў на гарбузовую плантацыю. Працаваў ён старанна: дарма па агародзе не таўкаўся і браў не выбіраючы лепшае, а ўсё запар. Стаміўся начны "памочнік" пасля двух рэйсаў, якіх хапіла, каб запоўніць яго сціплых памераў сарайчык. Знікненне невялікай долі выдатнага ўраджаю выявілася на наступны дзень. Не жадаючы дзяліцца з невядомым нават малой часткай, жанчына заявіла ў міліцыю, супрацоўнікі якой і ўстанавілі выкрадальніка. Цяпер за крадзеж у дачыненні да жыхара Чашніцкага раёна ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.205 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Выкрадзеныя гарбузы вернуты гаспадыні.-0-