Жыхар Дубровенскага раёна патануў, запутаўшыся ў рыбалоўных сетках
16 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дванаццаць чалавек патанулі на вадаёмах Віцебскай вобласці за мінулы тыдзень, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Асвода.
Так, жыхар Дубровенскага раёна адправіўся на рыбалку на раку Дняпро ў раёне вёскі Бабарова. 48-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, вырашыў палавіць з дапамогай сетак, аднак у нейкі момант заматаўся ў снасці і патануў.
У Віцебску на Заходняй Дзвіне загінуў 51-гадовы мужчына, які знаходзіўся на лячэнні ў адной з медыцынскіх устаноў абласнога цэнтра. Віцяблянін самастойна пакінуў лячэбную ўстанову і адразу адправіўся купацца, аднак не разлічыў свае сілы.
Асноўнай прычынай гібелі на вадзе застаецца купанне ў нецвярозым стане. Усяго за мінулы тыдзень патанулі сем купальшчыкаў, шэсць з якіх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення.
У вобласці захоўваецца складаная абстаноўка з гібеллю людзей на вадзе. За пятнаццаць жнівеньскіх дзён патанулі 27 жыхароў вобласці, у той час як у цэлым за жнівень 2009 года колькасць загінулых на вадзе склала 21 чалавек.
Усяго з пачатку 2010 года ў вобласці патанулі 173 чалавекі, з іх 14 непаўналетніх.-0-