Жыхар Круляўшчыны з 5187 пластыкавых вечкаў склаў лагатып II Еўрапейскіх гульняў

Жыхар аграгарадка Круляўшчына Докшыцкага раёна Аляксандр Дземідовіч склаў з пластыкавых вечкаў яркі лагатып II Еўрапейскіх гульняў. На гэта ў яго пайшло 5187 вечкаў патрэбных колераў і каля двух тыдняў карпатлівай працы.

 

Праўда, выраб унушальных памераў (1,7х2,8 м) ствараўся не адным – дапамагалі дачкі. Пяцігадовая Арына добрасумленна знаходзіла дэталькі-вечка патрэбных колераў, а 12-гадовая Дар'я адказвала за надзейнасць мацавання. Характэрна, што элементы мазаікі члены сям'і пачалі збіраць яшчэ летась.

– З вечкаў можна вырабіць мноства розных цікавых рэчаў, – адзначае Аляксандр. – Спартыўную тэматыку мы выбралі невыпадкова, ганарымся тым, што менавіта ў нашай краіне пройдуць такія значныя спартыўныя спаборніцтвы.

Спачатку маляўнічае пано ўпрыгожвала прыдамавую тэрыторыю, а цяпер яно знаходзіцца на ўзбочыне гучнай дарогі Мінск – Віцебск каля АЗС №18 у гарадскім пасёлку Бегамль.

У перспектыве Аляксандр Дземідовіч плануе працягнуць стварэнне маляўнічых малюнкаў спартыўнай тэматыкі, якія могуць быць прысвечаны футболу або лёгкай атлетыцы.

Дарэчы, Аляксандр працуе інжынерам па ахове працы і пажарнай бяспекі на Круляўшчызненскім участку РУП «Беларуснафта-Віцебскаблнефтапрадукт». Ён не толькі прыхільнік здаровага ладу жыцця, але і актыўны ўдзельнік розных спартыўных спаборніцтваў, у прыватнасці, з'яўляецца пераможцам раённых турніраў па настольным тэнісе.

ДЗЯНА БЕРНІКОВІЧ, «Віцебскія весці», фота з архіва сям'і Дзямідавічаў.