Жыхар Наваполацка падазраваецца ў распаўсюдзе ў Інтэрнэце відэа з дзіцячай парнаграфіяй
20 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праваахоўныя органы Віцебскай вобласці затрымалі жыхара Наваполацка, падазраванага ў распаўсюджванні відэаролікаў з дзіцячай парнаграфіяй у сетцы Інтэрнэт. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Георгій Яблонскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Злачынства такога роду ўпершыню выяўлена ў Віцебскай вобласці, падкрэсліў Георгій Яблонскі.
Праваахоўнікамі ўстаноўлена, што мужчына 1984 года нараджэння займаўся распаўсюджваннем парнаграфіі ў адной з файлаабменных сетак з верасня 2009 года. У маладога чалавека канфіскавана камп'ютарная тэхніка, на цвёрдым дыску якой знойдзена больш за 300 відэаролікаў парнаграфічнага характару, у тым ліку з удзелам дзяцей. Падазраваны распаўсюджваў матэрыялы, але не займаўся іх здымкай, падкрэсліў Георгій Яблонскі. Матывы і мэты яго дзейнасці высвятляюцца ў ходзе следства.
Па словах прадстаўніка УУС, сабрана дастаткова доказаў для ўзбуджэння крымінальнай справы па факце распаўсюджвання падазраваным у Інтэрнэце відэаролікаў, якія змяшчаюць парнаграфічныя матэрыялы з удзелам непаўналетніх грамадзян і малалетніх дзяцей. Крымінальная справа ўзбуджана па частцы 2 арт. 343'1 КК Беларусі, якая прадугледжвае да 8 гадоў пазбаўлення волі.-0-