Жыхар Расона паскардзіўся Прэзідэнту на нізкія заробкі і беспрацоўе ў райцэнтры. Адказ райвыканкама

Каля 2,5 тыс. зваротаў паступіла падчас падрыхтоўкі і правядзення «Вялікай размовы з Прэзідэнтам», і ніводны з іх, як запэўніў Аляксандр Лукашэнка, не застанецца без увагі. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, работа па іх разглядзе знаходзіцца на асаблівым кантролі ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Усе звароты сістэматызаваны і накіроўваюцца ў канкрэтныя інстанцыі для прыняцця неабходных мер.
 

Грамадзян Беларусі хвалююць розныя бакі жыцця, як краіны ў цэлым, так і асабістыя. Звыш 40% ад агульнай колькасці – пытанні мясцовага значэння. Адзін з іх паступіў ад жыхара Расонаў, які скардзіўся на нізкія заробкі і адсутнасць працоўных месцаў у гарадскім пасёлку.

Праясніць сітуацыю мы папрасілі намесніка старшыні Расонскага райвыканкама Аляксея Саппо.

– У мінулым годзе ў райвыканкам па пытанні працаўладкавання звярнуўся 491 чалавек, садзейнічанне ва ўладкаванні на працу аказана 380 грамадзянам, у тым ліку 246 беспрацоўным, 31 чалавек накіраваны на перавучанне, каб атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць. Напружанасці на рынку працы раёна няма. Наймітамі заяўлена 107 вакансій, з іх 35 па рабочых спецыяльнасцях. Колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, – 25 чалавек, – расказаў Аляксей Юр’евіч.

У раёне штогод ствараюцца новыя суб’екты гаспадарання. Так, за апошнія два гады зарэгістравана дзевяць новых вытворчасцей у розных сферах эканомікі – дрэваапрацоўцы, сельскай гаспадарцы, аказанні паслуг па рамонце швейных, трыкатажных вырабаў і галаўных убораў.

Адкрыты крамы рознічнага гандлю Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, гандлёвага дома «Лагуна», ТАА «ЕВРАТОРГ». На новыя працоўныя месцы працаўладкавана 77 чалавек.

Акрамя таго, ствараюцца ўмовы для самазанятасці насельніцтва. У 2018 годзе 47 жыхароў раёна займаліся аказаннем бытавых паслуг без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, 31 – рамяством, 10 чалавек ажыццяўлялі дзейнасць у сферы аграэкатурызму.

Сярэднямесячная заработная плата ў раёне за 2018 год склала 669,3 руб., у тым ліку за снежань – 720,3 руб.

– Недастатковы аб'ём выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, выкліканы ў тым ліку сезонным зніжэннем аб'ёму вытворчасці малака, паслужыў асноўнай прычынай перыядычна дапушчанай запазычанасці па выплаце заработнай платы работнікам сельгасарганізацый.

Сітуацыя знаходзіцца на штодзённым кантролі ў райвыканкаме. Працаўнікам вёскі прадастаўлена магчымасць замены грашовай аплаты працы на натуральную, што дапускаецца артыкулам 74 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Памер натуральнай аплаты вызначаецца кожным работнікам самастойна.

Па арганізацыях узровень выплаты заработнай платы ў натуральнай форме аплаты вагаецца ад 18 да 28%., – паведаміў Аляксей Сарппо.

"Віцебскія весці".