Жыхар Талачынскага раёна падазраецца ў незаконным гандлі агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі

6 красавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Транспартная міліцыя падчас аперацыі "Арсенал", якая праводзілася з 29 сакавіка па 2 красавіка, затрымала жыхара адной з вёсак Талачынскага раёна, які падазраецца ў незаконным гандлі паляўнічымі стрэльбамі і боепрыпасамі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар УУС на транспарце МУС Беларусі Аляксандр Марчанка. Аддзел папярэдняга расследавання Аршанскага АУС на транспарце ўзбудзіў у дачыненні да яго крымінальную справу па ч.2 і ч.3 арт.295-1 КК "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі". У мужчыны былі канфіскаваныя паляўнічыя стрэльбы і боепрыпасы. Па дадзеных МУС Беларусі, усяго падчас аперацыі па краіне было канфіскавана больш за пяцьсот адзінак агнястрэльнай зброі (з іх каля 140 не былі зарэгістраваныя), а таксама 2,7 тыс. боепрыпасаў і 27 выбуховых прылад. Таксама было ўзбуджана 24 крымінальныя справы. Па некаторых фактах яшчэ праводзяцца разбіральніцтва, прызначаны экспертызы. Акрамя таго, насельніцтва добраахвотна здало амаль 460 адзінак незарэгістраванай зброі, каля 580 зарэгістраванай, а таксама больш за 40 тыс. розных боепрыпасаў. Міліцыя нагадвае, што за незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў прадугледжаны розныя пакаранні. У прыватнасці, арт.295 "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" КК Беларусі прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў. Аднак грамадзянін, які добраахвотна здаў у міліцыю незаконна захоўваемыя ў яго стрэльбу, патроны, гранату ці іншыя віды боепрыпасаў і агнястрэльнай зброі, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці. -0-