Жыхар Віцебска выратаваў п'янага мужчыну, які тануў у Дзвіне
Увечары 27 красавіка віцяблянін Уладзіслаў Галубоўскі выратаваў чалавека, які тануў у Дзвіне. Разам з таварышам ён знаходзіўся на беразе ракі з боку праспекта Чарняхоўскага. Раптам пачуўся крык. У вадзе балбатаўся чалавек, сілы яго відавочна пакідалі. Уладзіслаў не раздумваючы кінуўся на дапамогу. Да таго, хто тануў было каля дзесяці метраў, дабрацца да яго дапамог двухметровы рост хлопца — у гэтым месцы звычайныя людзі схаваліся б з галавой, а Уладзіславу ўзровень вады быў амаль па шыю. Выцягнуўшы мужчыну на бераг, выклікалі хуткую дапамогу. Неўзабаве таксама прыехалі міліцыя і МНС. Выратаваным аказаўся 48-гадовы жыхар вёскі Камары Віцебскага раёна, ён знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янэння, твар быў збіты. «Хуткая» даставіла яго ў рэанімацыю.
За сваё жыццё 24-гадовы Уладзіслаў Галубоўскі паспрабаваў сябе ў некалькіх прафесіях, нядаўна вырашыў стаць кухарам. Атучыўшыся на спецыяльных курсах ад цэнтра занятасці, зараз праходзіць практыку ў кафэ «Любава», размешчаным у Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры. Калегі адгукаюцца пра яго як пра перспектыўнага спецыяліста і ганарацца учынкам маладога чалавека.
У абласной арганізацыі АСВОДа нам паведамілі, што рашучасць і неабыякавасць Уладзіслава Галубоўскага будуць адзначаны каштоўным падарункам.
Сяргей Ляшук, "Віцебскія весці"