Жыхар Віцебскага раёна капаў сажалку, а выкапаў буйны склад боепрыпасаў
13 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Буйны склад боепрыпасаў выяўлены ў Віцебскім раёне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА следчы-крыміналіст пракуратуры Віцебскай вобласці Аляксандр Казакоў.
Жыхар вёскі Заронава, які вырашыў выкапаць на ўласным агародзе сажалку, пры правядзенні земляных работ выявіў некалькі авіяцыйных бомбаў. Мужчына паведаміў аб знаходках у праваахоўныя органы. Аднак "клад", які захоўваўся доўгі час на яго тэрыторыі, аказаўся значна буйнейшым. Сапёры в/ч №5524, якія прыехалі за боепрыпасамі, у ходзе абследавання ўчастка знайшлі 167 авіяцыйных бомбаў АО-1, 37 артылерыйскіх снарадаў калібра 37 мм і дзве гранаты Ф-1 часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Усе боепрыпасы вывезены ў бяспечнае месца і знішчаны.-0-