Жыхар Віцебскай вобласці добраахвотна здаў артылерыйскую гармату калібра 76 мм

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вынікам рэалізацыі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі комплексу мер па барацьбе з незаконным абаротам сродкаў паражэння стала добраахвотная выдача жыхаром Віцебскай вобласці артылерыйскай гарматы калібра 76 мм савецкай вытворчасці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА распавялі ў Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі. Са слоў мужчыны, гармату ён выявіў у 2005 годзе на закінутым палігоне недалёка ад вёскі Чашкоўшчына Віцебскай вобласці і перамясціў яе на прысядзібны ўчастак свайго дома, дзе яна і захоўвалася да гэтага часу. Акрамя гэтага, у лясным масіве ім быў знойдзены корпус разыкамплектаванай баявой машыны пяхоты (БМП). У далейшым мужчына меў намер арганізаваць музей на базе мясцовага лясніцтва. На думку мясцовых жыхароў, знаходкі ў свой час належалі савецкім воінскім фарміраванням, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана, а пасля вываду войскаў ужываліся ў якасці мішэняў на цяпер ужо невыкарыстоўваемых палігонах. Наколькі баяздольнай акажацца артылерыйская гармата, вызначаць спецыялісты. Толькі пасля таго, як эксперты пераканаюцца, што прылада не з'яўляецца баявой, яна будзе перададзена ў адзін з музеяў Беларусі.-0-